"На углу Незалежнасці"
“Я пішу не для таго, каб з’яўляліся кнігі, а каб людзі маглі пагаварыць”.
Выйшла новая кніга Тоні Лашдэн “На углу Незалежнасці” — зборнік кароткай прозы пра жыхароў аднаго дома ў Мінску. Праз гісторыі суседзяў, дваровыя чуткі і побытавыя дэталі аўтар:ка даследуе памяць і складаныя сувязі, з якіх складаецца жыццё ў Беларусі.
Пакінуўшы радзіму, пісьменні(к):ца пераеха(ў):ла ў Швецыю, дзе атрыма(ў):ла адукацыю. Там ён:яна піша кнігі і працуе ў сферы праваабароны.
У размове Тоні выкарыстоўвае мужчынскі і жаночы род, бо ідэнтыфікуе сябе як небінарную асобу.
— Гэта не памылка і не апіска, — папярэджвае суразмоўні(к):ца ў самым пачатку інтэрв’ю Еўрарадыё.
— Ваша кніга пачынаецца з дома — вялікага дома ў вялікім горадзе. Што гэта за дом, і чаму менавіта ён стаў галоўнай прызмай для размовы пра Беларусь?
— “На углу Незалежнасці” — гэта зборнік кароткай прозы пра жыхарак і жыхароў аднаго дома. У гэтай кнізе для мяне было важна засяродзіцца на тэме суседства і тых сувязяў — часам спантанных, а часам цалкам свядомых, — якія людзі будуюць паміж сабой.
— Кніга адначасова смешная і страшная. Ці дазваляюць іронія і абсурд гаварыць пра цяжкія рэчы дакладней, чым прамы рэалізм?
— Я не зусім згодны, што кніга працуе менавіта праз іронію. Для мяне іронія — гэта пазіцыя адхілення, пазіцыя ўлады: “Давайце паглядзім, якія яны недарэчныя, і пасмяёмся з гэтага”.
Я заўсёды знаходжуся разам са сваімі гераінямі, я на іх баку, нават калі гэты бок выклікае непрыманне. Для мяне важна разгледзець чалавечнасць у кожнай, а не скідаць іх з рахунку праз загадзя зададзеныя ацэнкі.
Напрыклад, гераіня тэксту “Читай между строк” працуе дзяржаўнай цэнзаркай і даволі прывольна жыве дзякуючы прывілеям, якія такая праца ёй забяспечвае. Вынесці асуджальную ацэнку такой персанажцы вельмі лёгка, але мяне цікавіць, што ў ёй ёсць яшчэ, акрамя гэтай працы. Як яна вырашыла пачаць працаваць на такой пасадзе? Што яна сама пра яе думае? Якія ў яе ёсць спадзяванні і цяжкасці?
У апавяданні цэнзарка выпадкова сутыкаецца з вестачкай ад сваёй старой каханай — і гэтая вестачка запускае ланцуг змен, якія дапамагаюць маёй гераіні знайсці ў сабе смеласць на нечаканыя крокі.
Гумар, камічнасць у маіх тэкстах узнікаюць праз тое, што мы пазнаём абставіны — і людзей, якія ў іх трапляюць.
— Вы кажаце, што кніга — пра калектыўную памяць і забыванне. Што менавіта, на вашу думку, сёння выцясняецца з памяці, і чаму?
— Кола маіх інтарэсаў — гэта ў асноўным залежнасці паміж Беларуссю і Расіяй, а таксама смерць. У кнізе я толькі гэтымі пытаннямі і займаюся.
Мой спосаб працы такі: я знаходжу лакуну, недагаворанасць, размытасць — і ўглядаюся ў гэта, пакуль не змагу праясніць для сябе, што гэта значыць. Вось, напрыклад, афіцыйна Беларусь ніяк не ўдзельнічае ў поўнамаштабным уварванні Расіі ва Украіну. Чаму тады ў навінах рэгулярна з’яўляюцца зводкі пра беларускіх вайскоўцаў, якія загінулі на расійскай вайне? Адкуль тады ў Беларусі ўкраінскія дзеці ў санаторных комплексах?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут