Не варта недаацэньваць тое, што адбываецца, асабліва самому Аляксандру Лукашэнку / Reuters
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне злачынстваў, учыненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, ордар на арышт можа быць выдадзены як на самога Лукашэнку, так і на кіраўніка МУС Івана Кубракова. Рашэнні пра гэта будуць прымацца ў бліжэйшы час.
Як у сувязі з гэтым змяняецца палітычны расклад для Аляксандра Лукашэнкі і як гэта паўплывае на яго міжнародныя сувязі?
На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, "для адміністрацыі Трампа гэта, хутчэй за ўсё, не мае істотнага значэння — ні ідэалагічна, ні фармальна-юрыдычна, паколькі ЗША не ўдзельнічаюць у працы МУС і не прызнаюць яго юрысдыкцыю".
"Аднак для еўрапейскіх краін гэта ў маральна-палітычным сэнсе даволі важны фактар. Уявіце сабе, як цяпер выглядаюць перспектывы нейкага “дыялогу” або “дамоўленасцяў” з Лукашэнкам для еўрапейскіх палітыкаў. Калі ўявіць, што нехта з іх раптам выйдзе на рэальныя перамовы з кіраўніком Беларусі, то як на гэта адрэагуюць прэса і палітычныя колы — і ў гэтай краіне, і ў Еўропе ў цэлым? З кім вы збіраецеся размаўляць? З чалавекам, злачынствы якога разглядаюцца ў Гаазе?" — задаецца пытаннем Цыганкоў.
Справа ў МКС паўплывае і на маршруты замежных паездак Аляксандра Лукашэнкі.
"Цяпер ён напэўна не рызыкне ляцець у тыя краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю МКС, уключаючы нееўрапейскія. Бо нават у Пуціна, кіраўніка ядзернай дзяржавы, падчас яго замежных візітаў нярэдка ўзнікаюць праблемы ў сувязі з ордарам на яго арышт, выдадзеным МУС яшчэ ў 2023 годзе", — упэўнены аглядальнік.
І самая галоўная інтрыга — транзіт беларускага калію праз Літву. Віталь Цыганкоў мяркуе, што пра яго можна забыць.
"І асобна цікава, што будзе з адносінамі Мінска з Літвой, якая і падала гэтую справу супраць Лукашэнкі ў МКС. Здаецца, пра магчымасць транзіту калію праз Клайпеду можна проста забыць", — лічыць аналітык.
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч упэўнены, што справа ў МУС павялічвае таксічнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
"Безумоўна, сітуацыя непрыемная для Лукашэнкі. Таму што яна павышае яго міжнародную таксічнасць. Прычым у той момант, калі, здавалася б, на гарызонце з’явілася светлая пляма, выраслі шанцы выйсці з міжнароднай ізаляцыі.
Перамовы з ЗША, перспектывы “вялікай здзелкі” з Вашынгтонам давалі надзею на змяненне статусу Лукашэнкі, на прызнанне яго Захадам у якасці кіраўніка Беларусі. А далучэнне да Савета міру, створанага Дональдам Трампам, адкрывала новыя магчымасці для рэалізацыі маштабных планаў па размарожванні адносін з заходнімі краінамі.
Цяпер жа гэтае рашэнне МУС рэзка зніжае шанцы на нармалізацыю адносін з дэмакратычнымі дзяржавамі. Становіцца складаней працягнуць руку чалавеку, вышук якога за злачынствы супраць чалавечнасці могуць афіцыйна абвясціць хоць заўтра", — лічыць Карбалевіч.
Зрэшты, праблемы ў Лукашэнкі могуць пачацца і ў адносінах з краінамі Глабальнага Поўдня, мяркуе эксперт.
"Але гаворка не толькі пра Захад. І для краін Глабальнага Поўдня гэтае рашэнне можа стаць пэўным абмежаваннем кантактаў з Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі яго рэжыму. Некаторыя лідарамі гэтага рэгіёна могуць вырашыць, што дзеля ўласнай рэпутацыі лепш не рызыкаваць.
Дарэчы, Пуцін пасля з’яўлення ордара МКС на яго арышт абмежаваў замежныя візіты, адмовіўся ад шэрагу паездак у іншыя краіны. Хаця, здавалася б, хто адважыцца замахнуцца на прэзідэнта ядзернай дзяржавы, арыштаваць яго. І тым не менш. Для Лукашэнкі ж, міжнародны статус якога непараўнальны з пазіцыяй кіраўніка Расіі, сітуацыя значна больш рызыкоўная. Асабліва з улікам таго, што ён ставіцца да пытанняў уласнай бяспекі вельмі ўважліва і мала каму давярае", — нагадвае Карбалевіч.
Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман лічыць, што "разгляд гэтай справы, магчымы ордар на арышт Лукашэнкі мае хутчэй такі сімвалічны характар".
"І я думаю, што гэта пэўны палітычны сігнал. Чаму палітычны сігнал? Вядома ж, у Міжнародным крымінальным судзе юрыдычная складнік прысутнічае, можна вельмі шмат гаварыць пра тое, што гэта незалежны суд і гэтак далей. Але калі ўсё ж паглядзець на гэта з іншага боку — на апошнія ордары, якія выдаваліся, на тое, што расследаваў Міжнародны крымінальны суд, — то палітычная падаплёка там амаль заўсёды прысутнічала.
Так што я думаю, што гісторыя з Лукашэнкам — не выключэнне. І для Лукашэнкі гэта своеасаблівы сігнал: што ён, можа быць, і разлічвае на нейкія перамовы з еўрапейцамі і ўвогуле з Захадам. Можа быць, нават думае пра тое, што калісьці будзе нешта накшталт рэабілітацыі для яго, што яго пачнуць прымаць як вялікага дзяржаўнага лідара і гэтак далей", — мяркуе Фрыдман.
Тое, што гэта адбываецца па ініцыятыве Літвы — дрэнны сігнал для Лукашэнкі.
"Але тое, што цяпер робіць Міжнародны крымінальны суд — а адбываецца гэта па еўрапейскай ініцыятыве, па літоўскай ініцыятыве — гэта для Лукашэнкі даволі адназначны і непрыемны сігнал. Непрыемны, так. Але каб гэта нейкім сур’ёзным чынам паўплывала на яго паводзіны — думаю, не", — лічыць Фрыдман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут