Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) узначаліў Юрый Міксюк, паведамляе tut.by. На гэтай пасадзе ён змяніў Мікалая Фяськова, які кіраваў установай апошнія 15 гадоў.
71-гадовага Фяськова называюць стваральнікам сістэмы цэнтралізаванага тэставання ў Беларусі. Пра яго сыход у адстаўку стала вядома 30 лістапада. Паведамлялася, што ён пакінуў пасаду па ўзгадненні бакоў.
У Міністэрстве адукацыі адзначылі, стаж працы ў адукацыйнай галіне ў Фяськова складае 54 гады. "Мы цэнім яго вялікі ўнёсак у развіццё сістэмы адукацыі. Яго досвед запатрабаваны, Мікалай Фяськоў будзе і надалей працаваць у сістэме", — падкрэслілі ў ведамстве.
Юрый Міксюк, які прыйшоў яму на замену, з'яўляецца рэктарам Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Да працы ў ВНУ ён узначальваў упраўленне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі.