Соф'я Сапега расказала пра спробу суіцыду пад хатнім арыштам

30/10/2026 - 10:39

Соф'я Сапега / "Зеркало"

Падчас хатняга арышту Соф'я Сапега спрабавала здзейсніць самагубства. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю выданню "Зеркало".

Дзяўчына кажа, што знайшла ў тэлефоне Рамана Пратасевіча, з якім яны былі разам пад хатнім арыштам, перапіску з яго былой жонкай. Яна дасылала Раману свае фота, у тым ліку даволі правакацыйныя. У стрэсе ад здрады Сапега выпіла каля дзвюх бутэлек віна. Пратасевіч, паводле яе, усё адмаўляў.

"Далей адбылося самае вялікае дзікунства, якое я ніколі не здзяйсняла да гэтага. Было адкрыта акно (а гэта шосты паверх). Я ў цэлым баюся вышыні. Моцна. Але тады было ўжо настолькі пляваць, што нічога не мела значэння. Я села на прываконне, ногі звесіла вонкі і была гатовая скакаць. Не ведаю, напэўна, можна сказаць дзякуй людзям, якія праходзілі міма. Яны ішлі па дыяганалі ў іншы двор — мама, тата і дзіця. І я разумею, што не хачу, каб яны гэта бачылі, каб дзіця глядзела, як я падаю. Таму чакала, пакуль яны пройдуць. А яны так вельмі павольна ішлі, прама зусім. І ў гэты момант мяне выцягваюць з акна".

Ад самагубства яе выратвалі Пратасевіч і кадэбісты, якія дзяжурылі ў кватэры. Пасля гэтага дзяўчыну перавезлі пад арышт у кватэру бацькоў у Лідзе, а Пратасевіча яна пабачыла толькі на судзе: ён туды прыйшоў як сведка.

"Да таго моманту ніякай павагі да яго ў мяне не захавалася. Яго выклікалі ў залу суда, я адчувала, што ён нервуецца, але працягвае казаць усё тое, што я і так даведалася з тома, прысвечанага мне. Ён нават не адважыўся паглядзець на мяне. Толькі пасля допыту мімаходам зірнуў у мой бок".

Таксама Сапега згадала пра час, праведзены ў калоніі. Кажа, што там старалася выжыць. У яе атрадзе была непакорлівая дзяўчына з жоўтай біркай — гэта значыць, асуджаная паводле палітычных матываў. Сапега кажа, што ўгаворвала дзяўчыну ператрываць час зняволення, але тая не паслухалася — публічна нецэнзурна абазвала аператыўнага супрацоўніка.

"Хтосьці з жанчын перадаў яму гэтыя словы. У той жа вечар дзяўчыну адвялі ў капцёрку (склад для рэчаў і прадуктаў ад родных) і збілі. Я дагэтуль памятаю яе крыкі".

Што да Пратасевіча, дык цяпер Сапега, як сцвярджае, проста нічога б яму не сказала — прайшла міма.

"Мне здаецца, ён ужо нічога не выправіць. Я неяк спрабавала ўявіць сябе на яго месцы. І атрымлівалася, што тут ты чужы, а там, у Беларусі, таксама вораг і таксама чужы. І дзе тады тваё месца? Нідзе. Цябе не прымаюць ні ў Еўропе, ні ў Беларусі. І, як мне здаецца, гэта ўжо не змяніць. Як бы ты ні спрабаваў, як бы ні круціўся, ні падбіраў правільныя словы, ні казаў тое, што ад цябе хочуць пачуць, — гэта нічога не зменіць. Ты ўсё роўна застанешся чужым".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі