Марыя Калеснікава ў студыі Еўрарадыё / Еўрарадыё
Марыя Калеснікава ўпэўнена, што калі ціск [на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. — Еўрарадыё] ужо існуе і ў пэўных умовах можа стаць падставай для перамоў і пошуку кампрамісных рашэнняў, гэтым трэба карыстацца.
Сваімі поглядамі на ціск яна падзялілася ў эфіры Еўрарадыё.
— Я лічу, што ўжо шэсць гадоў гэты ціск ажыццяўляецца ў розных кірунках. Не думаю, што магу дакладна ацаніць, якія меры больш дзейсныя, а якія менш. Але я дакладна магу ацаніць, што з гэтага негатыўна ўплывае на саміх беларусаў. Думаю, мы ўсе гэта цудоўна разумеем.
Ёсць і другі момант. Часам я чую такое пытанне: "А што, калі ён падмане?" Але ж ціск, які быў зняты, заўсёды можна аднавіць. Таму гэта не прычына адмаўляцца ад такіх крокаў. Якраз гэтым і займаецца дыпламатыя, — лічыць былая палітзняволеная.
Але ж еўрапейскія санкцыі не так лёгка аднавіць, бо, каб іх увесці, трэба зноўку прайсці вялікі шлях. Калеснікава гэта разумее, як і тое, што Захад не хоча, каб Беларусь стала часткай Расіі.
— Ёсць прынцыповая пазіцыя, а ёсць пазіцыі канкрэтных краін. І мне здаецца, што адзін з важных момантаў, які ўсе павінны разумець, — нашы суседзі вельмі добра ўсведамляюць небяспеку, якая можа ўзнікнуць цяпер. І ніхто з іх дакладна не хоча, каб Беларусь, напрыклад, стала часткай Расіі.
Таму ў гэтым кірунку можна думаць, шукаць магчымасці і падыходы, якія дазволяць гэтага не дапусціць, — упэўнена Марыя Калеснікава.
Яна таксама нагадала, што ніколі не была супраць ціску і нідзе пра гэта не казала.
— Задача дыпламатыі — выкарыстоўваць і ціск, і размову як механізмы. Я выйшла на свабоду дзякуючы таму, што ў пэўны момант увялі санкцыі, а потым пачалі з гэтым працаваць: нешта здымалі, і вялікая колькасць людзей — нагадаю, больш за пяцьсот — выйшла на свабоду дзякуючы перамовам.
То-бок адно без другога не працуе. Таму я ўвогуле не бачу тут ніякай супярэчнасці. Я разумею, што мае словы маглі нейкім чынам інтэрпрэтаваць інакш. Але калі вы знойдзеце цытату, дзе я выступаю супраць санкцый і кажу пра гэта, мне было б цікава яе пачуць, — сказала Калеснікава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут