Выбары ў ЗША / Euroradio/OpenAI
За тыдзень да прамежкавых выбараў у ЗША ў дэмакратаў тры шанцы з чатырох атрымаць кантроль над Сенатам. Яны таксама могуць абысці рэспубліканцаў у барацьбе за кантроль над Палатай прадстаўнікоў.
Пры гэтым рэйтынг прэзідэнта Дональда Трампа працягвае падаць — расійскі дызель яму не дапамог. Першыя 40 тыс. тон ужо адправіліся ў Штаты, але гэтая смешная па аб’ёме пастаўка не зможа стабілізаваць ні цэны на паліва, ні рэйтынг адабрэння Трампа. Амерыканцам пастаўленых 40 тыс. тон дызелю хопіць прыблізна на суткі, а цэны на паліва, верагодна, зноў вырастуць праз падаражанне нафты.
Прамежкавыя выбары пройдуць ужо 3 лістапада 2026 года. Мы сабралі галоўнае, што вам трэба ведаць, каб на наступным тыдні было цікавей сачыць за амерыканскай палітыкай.
Прамежкавыя выбары — гэта дзень, калі выбіраюць членаў Палаты прадстаўнікоў і Сената — дзвюх палат Кангрэса. Цяпер абедзве палаты кантралююць рэспубліканцы.
Прамежкавыя выбары праходзяць у сярэдзіне прэзідэнцкага тэрміну. Да гэтага часу выбаршчыкі, як правіла, ужо стамляюцца ад любога прэзідэнта. Гістарычна склалася так, што яны звычайна аддаюць перавагу партыі, якая становіцца своеасаблівай апазіцыяй Белага дома.
Увогуле, на гэтых выбарах рэспубліканцы ўкладаюць грошы ў агітацыю ў тых рэгіёнах, дзе колькасць іх прыхільнікаў традыцыйна была настолькі вялікай, што не было сэнсу дадаткова кагосьці пераконваць. Але цяпер яны вядуць агітацыю нават у такіх надзейных для іх штатах, як Аляска, Тэхас, Аёва і Агаё.
Дарэчы, пра Агаё. На прэзідэнцкіх выбарах штат упэўнена галасаваў за Трампа і ў 2016-м, і ў 2020 годзе. А цяпер за галасы выбаршчыкаў тут змагаюцца дэмакраты.
На мітынг у падтрымку кандыдата ад дэмакратаў на пасаду губернатара прыехаў былы прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён параўнаў Белы дом пры Трампе з рэстаранам Cheesecake Factory, калі б яго адкрыў Садам Хусейн.
Cheesecake Factory — гэта сетка рэстаранаў, вядомая вялікімі порцыямі і кідкімі эклектычнымі інтэр’ерамі. Верагодна, так Абама ўкалоў Трампа за рэканструкцыю Белага дома, якую той задумаў.
Акрамя таго, Абама абвінаваціў дзейнага прэзідэнта і яго сям’ю ў карупцыі, раскрытыкаваў вайну з Іранам і назваў Трампа вінаватым у росце цэн. Але хоць амерыканцы не могуць пазбавіцца ад самога Трампа яшчэ два гады, яны могуць абмежаваць яго паўнамоцтвы. Уласна таму Абама і заклікае прагаласаваць за дэмакратаў на прамежкавых выбарах.
“Мы не абавязаны мірыцца з бязвольным Кангрэсам і губернатарамі-рэспубліканцамі, якія дэманструюць беззаконне, безадказнасць, жорсткасць і абыякавасць да працоўных. Пасля двух гадоў хаосу, жорсткасці, карупцыі і некампетэнтнасці… у вас з’явіцца магчымасць сказаць: «Хопіць — з нас дастаткова»”, — заявіў былы прэзідэнт.
Усе таксама абмяркоўваюць, што адбудзецца, калі перамогуць дэмакраты. Іншымі словамі, ці прызнае Трамп вынікі выбараў. Асцярогі зразумелыя: амерыканцы ўжо перажылі чорны дзень у сваёй гісторыі, калі няздольнасць Трампа змірыцца са сваім паражэннем прывяла да беспарадкаў у Капітоліі. Ці можа гэта паўтарыцца?
Можа — бо Трамп ужо шукае “здраду”. Ён прапанаваў узнагароду ў памеры 1 мільёна долараў тым, хто паведаміць пра выпадкі фальсіфікацыі выбараў у ЗША, калі гэтыя паведамленні прывядуць да асуджэння вінаватых.
Акрамя таго, ён заявіў пра “паўсюдныя” махінацыі пры галасаванні поштай і ўдзеле ў галасаванні неграмадзян. BBC піша, што, хоць такія выпадкі і сустракаюцца, яны вельмі рэдкія.
Цікава, што выбаршчыкаў супраць былога прэзідэнта Джо Байдэна настроілі крызіс на рынку жылля і інфляцыя. І гэтыя ж праблемы могуць настроіць выбаршчыкаў супраць Трампа, бо цяпер ужо дэмакраты абяцаюць засяродзіцца на праблеме даступнасці жылля і росце цэн, калі атрымаюць большасць у Палаце прадстаўнікоў.
Верагодна, Амерыку чакаюць шатдаўны, бо дэмакраты відавочна будуць выступаць супраць бюджэту Трампа і яго ідэй наконт таго, як можна выдаткоўваць грошы падаткаплацельшчыкаў.
Акрамя таго, атрымаўшы большасць хаця б у адной з палат Кангрэса, дэмакраты змогуць праводзіць слуханні і выклікаць сведак у суд. Напрыклад, яны змогуць пачаць расследаванне ў дачыненні да Ілана Маска і яго Міністэрства эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, створанага з адабрэння Трампа.
Таксама заканадаўцы фактычна ўпершыню змогуць праверыць рашэнне Трампа закрыць агенцтвы, створаныя Кангрэсам, — напрыклад, USAID.
Але каб адмяніць уведзеныя Трампам пошліны або спыніць вайну ў Іране, дэмакратам спатрэбіцца дапамога рэспубліканцаў і супрацоўніцтва з імі.
На прамежкавых выбарах галоўны козыр дэмакратаў — непапулярнасць Трампа. Але калі гэтыя выбары пройдуць, давядзецца думаць пра прэзідэнцкія выбары. Трамп не зможа ў іх удзельнічаць, таму дэмакратам трэба будзе адказаць на пытанне, за што яны змагаюцца, а не супраць каго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут