Берлін / pixabay.com
Міністэрства замежных спраў Германіі прыняло да ведама адкрыты ліст, з якім днямі выступіла група беларускіх палітвязняў.
"Германія асуджае ўсе формы палітычных рэпрэсій, як у Беларусі, так і за яе межамі, і надалей асуджае асабліва заганную практыку распаўсюду суровых пакаранняў і катаванняў на тых, хто пакутуе ад інваліднасці, захворванняў, якія пагражаюць жыццю, або іншых сур'ёзных уразлівасцяў", — гаворыцца ў адказе ведамства, які атрымала Еўрарадыё.
У МЗС кажуць, што востра ўсведамляюць чалавечую трагедыю, якая хаваецца за простымі лічбамі і статыстычнымі данымі.
"Знешняя палітыка Германіі ў дачыненні да Беларусі, як яна выкладзена ў адпаведных заключэннях Савета ЕС, глыбока ўкаранёная ў дынамічным агульнаеўрапейскім дыялогу, які фарміруецца дзякуючы пастаяннаму ўзаемадзеянню з плюралістычнай грамадзянскай супольнасцю Беларусі", — дадаюць у знешнепалітычным ведамстве.
Днямі група былых палітзняволеных выступіла са зваротам да лідараў еўрапейскіх дзяржаваў. У лісце змяшчаўся заклік, каб Еўропа больш актыўна ўдзельнічала ў вызваленні беларускіх палітвязняў. Сам ліст і некаторыя з яго фармулёвак выклікалі гарачую дыскусію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут