"Напрамак больш прывабны". Украінец расказаў, як уцёк ад вайны праз Беларусь

04/11/2026 - 17:06

Каб не быць мабілізаваным ва ўкраінскае войска, хлопец 12 дзён перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу / калаж Euroradio via Chat GPT

У канцы кастрычніка беларуская медыяпрастора абмяркоўвала гісторыю Віталя Крыкрывенкі — украінца, які гэтым летам у кампаніі двух мужчын нелегальна перайшоў украінска-беларускае памежжа і патрапіў у Еўрасаюз. Малады чалавек паспеў запісаць пра свой досвед серыю відэа і даў інтэрв’ю праўладнаму выданню Slutsk-Gorod.by. 

Журналіст Еўрарадыё паразмаўляў з Віталём пра яго досвед уцякацтва з ваюючай краіны, стаўленне да вайны і беларускіх сілавікоў.

 

“Што можна ўбачыць, калі вакол лес, лес і зноў лес?”

— У размове з беларускім выданнем вы цёпла расказвалі пра тое, як вас сустрэлі беларускія памежнікі: давалі ваду, дапамагалі дабрацца да мяжы з Літвой. Вы нават называлі беларусаў братнім народам. Аднак у многіх беларусаў досвед узаемадзеяння з сілавікамі зусім іншы. Асабліва пасля падзей 2020 года, калі пачаліся рэпрэсіі і масавы гвалт з боку сілавых структур, якія працягваюцца дагэтуль. Чаму, на вашу думку, беларускія памежнікі паставіліся да вас настолькі добразычліва?

— Я расказваў выключна пра свой досвед і пра тое, што бачыў. Я назіраў, як памежнікі і іншыя сілавікі размаўлялі з хлопцамі, з якімі я выходзіў, а потым суправаджалі нас да мяжы з Літвой.

Дарослы чалавек можа спакойна ацаніць паводзіны іншага чалавека, яго стаўленне да цябе, манеру размовы і ўчынкі. Я яшчэ раз успамінаў, як нас сустракалі на розных этапах маршруту. І памежнікі, і іншыя сілавікі выказвалі шкадаванне з нагоды таго, у якім становішчы мы апынуліся і праз што нам давялося прайсці.

Таму ў сваіх відэа я расказваў менавіта пра тое, што сам бачыў і заўважыў.

Лес вакол Чарнобыльскай атамнай станцыі / LookByMedia

— А як вы ставіцеся да таго, што беларускія ўлады таксама паспрыялі расійскаму ўварванню ва Украіну ў лютым 2022 года? Як гэта спалучаецца з вашым станоўчым досведам пасля перасячэння мяжы?

— З аднаго боку, тое, што яны дазволілі расійскім войскам прайсці праз сваю тэрыторыю, фактычна падставіла нас, украінцаў. Асабліва тых, хто жыў у Кіеўскай вобласці, а таксама ў Жытомірскай.

Безумоўна, адказнасць за гэта ляжыць на тых, хто аддаваў загады, хто быў да іх датычны і хто гэтыя загады выконваў. Гэта найперш іх адказнасць.

Чаму яны гэта зрабілі і што ставілі за мэту — ужо другаснае пытанне. Віна за імі застанецца ў любым выпадку. Важна не толькі тое, што адбылося, але і тое, якія загады былі аддадзены. У выніку гінулі мірныя жыхары, не толькі вайскоўцы.

— Калі вы перасеклі беларускую мяжу, ці спрабавалі сілавікі атрымаць ад вас нейкія звесткі аб ваеннай інфраструктуры Украіны? Напрыклад, аб размяшчэнні ўкраінскіх войскаў, сітуацыі ў Кіеве або Чарнобыльскай зоне? 

— Яны цікавіліся ўсёй маёй гісторыяй: хто я, адкуль, што са мной адбылося. Адны і тыя ж пытанні задавалі некалькі разоў. Мяркую, каб праверыць, ці супадаюць мае адказы і ці няма ў іх супярэчнасцей.

Таксама пыталіся, што я бачыў па дарозе. Але што можна ўбачыць, калі вакол лес, лес і зноў лес?

 

“Фізічна немагчыма цалкам яе кантраляваць”

— Вы таксама казалі, што пры магчымасці маглі б застацца ў Беларусі. Ці ўлічвалі вы палітычныя рызыкі для грамадзян Украіны, якія апынуліся на беларускай тэрыторыі? Ці задумваліся вы, што само па сабе ўкраінскае грамадзянства магло б зрабіць ваша знаходжанне ў Беларусі небяспечным?

— Я пра гэта не думаў. Не ведаю, наколькі гэта было б небяспечна.

Уезд у зону, забруджаную пасля Чарнобыльскай аварыі / LookByMedia

Наколькі я разумею, усё роўна праводзіцца праверка. Калі чалавек прыязджае з Украіны падчас баявых дзеянняў, яго ж не могуць проста так упусціць. Напэўна, будзе пэўная працэдура праверкі. Таму я меркаваў, што калі пасля яе мяне прапусцяць, то дадатковых пытанняў ужо не павінна ўзнікнуць.

Акрамя таго, я не вельмі добра ведаю Беларусь. У мяне ёсць пэўныя ўяўленні пра гэтую краіну, стэрэатыпы: напрыклад, пра якасць сельскагаспадарчай прадукцыі, пра тое, што людзі там шмат працуюць. Але глыбей я ніколі не цікавіўся Беларуссю. Таму ў нейкі момант мне было б цікава паглядзець на гэтую краіну, пазнаёміцца з ёй бліжэй.

— Вы расказвалі, што перад уцёкамі спрабавалі перасекчы мяжу ў розных месцах, у тым ліку на румынскім і малдаўскім напрамках. Ці можна сказаць, што бок беларуска-ўкраінскай мяжы ў прынцыпе больш прывабны для мужчын, якія хочуць пакінуць тэрыторыю Украіны?

— Так, цяпер я лічу, што гэты напрамак больш прывабны.

Але трэба разумець, што не ўся беларуска-ўкраінская мяжа бяспечная для перасячэння. Ёсць участкі, якія ахоўваюцца больш пільна, а ёсць балоты, дзе ахова слабейшая. Хто будзе пастаянна ахоўваць балоты?

Уся мяжа з Беларуссю мае каля тысячы кіламетраў. Фізічна немагчыма цалкам яе кантраляваць.

Адрозненне беларускага напрамку ад румынскага ў тым, што на румынскім маршруце ўсё залежыць ад рэльефу. Калі ісці праз Карпаты і Закарпацце, памежнікі разумеюць, дзе людзі могуць выходзіць. Ёсць пэўныя вузкія месцы, дзе іх чакаюць. Звычайна гэта адбываецца недалёка ад памежных застаў.

На беларускім напрамку мясцовасць пераважна раўнінная. Там няма гор, абрываў і іншых прыродных перашкод, якія абмяжоўвалі б магчымыя маршруты. Таму прадказаць, дзе менавіта чалавек будзе перасякаць мяжу, складаней.

Вядома, не ўся мяжа аднолькавая. Мы разглядалі менавіта Чарнобыльскую зону адчужэння. Гэты варыянт нам падаўся найбольш прыдатным. Мы сабралі інфармацыю, і нашы здагадкі пацвердзіліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі