“Эксгумацыя — не найлепшы варыянт”: як палякі шануюць памяць ахвяр гета

13/03/2019 - 09:59

Пры канцы студзеня ў цэнтры Брэста на будпляцоўцы элітнага квартала рабочыя знайшлі чалавечыя косці. Неўзабаве высветлілася, што будаўніцтва вядзецца на месцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны фашысты арганізавалі яўрэйскае гета.

У катлаване пачаліся раскопкі. Па звестках супрацоўніцы Брэсцкага гарвыканкама Алы Кондак, штодня на паверхню паднімаюцца астанкі сарака чалавек. Агулам на месцы былога гета можа быць пахавана больш за тысячу яўрэяў.

Як мусіць адбывацца эксгумацыя, каб не парушыць рэлігійныя нормы іўдаістаў? Ці можна працягваць будаўніцтва? Якімі ўвогуле звесткамі пра Брэсцкае гета валодаюць гісторыкі? Еўрарадыё звярнулася з гэтымі пытаннямі да гісторыка Артура Маркоўскага з Музея гісторыі польскіх яўрэяў POLIN.

Еўрарадыё: Як мусіць выглядаць эксгумацыя, каб не парушыць яўрэйскія рэлігійныя пачуцці і каб не знішчыць гістарычныя артэфакты?

Артур Маркоўскі: Гэта важнае пытанне, якое тычыцца не толькі метадаў даследавання. Тут закранутыя і пытанні іўдаізму, паводле якога эксгумацыю яўрэйскіх пахаванняў можна праводзіць толькі ў двух выпадках — калі гэта перанос астанкаў у Іерусалім, дзе марыць быць пахаваны кожны яўрэй, ці перад паводкай, якая можа знішчыць пахаванні.

Такімі пытаннямі займаецца Сусветная камісія ў Лондане. У іх свой падыход. Напрыклад, астанкі нельга пераводзіць без нагляду рабіна. У Польшчы ёсць рабін Майкель Шудрых (Michael Schudrich) — сябра Сусветнай камісіі, якая займаецца пытаннямі могілак і пахаванняў яўрэяў. Я перакананы, што ў такіх сітуацыях можна знайсці выйсце, толькі трэба размаўляць.

Еўрарадыё: Хто мусіць паклапаціцца пра гэта, яўрэйская грамада ў Брэсце ці мясцовыя ўлады?

Артур Маркоўскі: Той, хто прымае рашэнні і займаецца гэтым будаўніцтвам. Можа і яўрэйская грамада, але да рабіна могуць звяртацца не толькі яўрэі. Важна, каб такія дзеянні не вяліся ў абыход яўрэйскай грамады. І кожная сітуацыя індывідуальная.

Еўрарадыё: У Брэсце эксгумацыю праводзяць вайскоўцы. Гэта нармальна?

Артур Маркоўскі: Паўтару, што эксгумацыя ў такіх выпадках не найлепшы
варыянт. Для яўрэяў важна, каб астанкі не былі кранутыя, і варта падысці да пытання, улічваючы інтарэсы яўрэйскага боку. Гісторыкі сапраўды могуць шмат зафіксаваць і адкрыць падчас такіх раскопак, але ў той жа Польшчы, калі яўрэйская грамада не дае згоды на раскопкі, гісторыкі іх не праводзяць, ці шукаюць і выкарыстоўваюць метадалогію, якая не парушае рэлігійных канонаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі