Для хлопца з бензапілой пракурор папрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі

27/02/2017 - 13:07

Улад Казакевіч, якога вінавацяць за напад з бензапілой і сякерай у гандлёвым цэнтры "Новая Еўропа", можа быць асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі. Такі тэрмін папрасіў на судовым пасяджэнні 27 лютага пракурор Алег Буйлянкоў, паведамляе tut.by

Паколькі злачынства Казакевіч учыніў у непаўналетнім узросце, то адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі не ўзмоцненага, а агульнага рэжыму. 

На судзе, як паведамляла раней, 18-гадовы мінчук цалкам прызнаў сваю віну, але не раскаяўся. Ён шкадаваў толькі пра малую колькасць ахвяраў і хацеў забіваць яшчэ. 

У сваёй прамове пракурор згадаў не толькі злачынства ў ГЦ "Новая Еўропа", але і выбух у метро ў красавіку 2011 года. Па яго словах, падзеі ў метро пакінулі боль і жах у памяці беларускага народу, але Казакевіча гэтыя пакуты не спынілі, і ён сам учыніў жахлівае злачынства. Па словах дзяржабвінаваўцы, нападнік з бензапілой дзейнічаў "з хуліганскіх меркаванняў, груба парушаючы грамадскі парадак, дэманстратыўна выяўляючы непавагу да грамадства, дэманструючы сваю перавагу, выяўляючы бясчынства і агрэсію".

Мінскі гарадскі суд ужо тыдзень разглядае справу Улада Казакевіча. 8 кастрычніка ён прыйшоў з бензапілой і сякерай у ГЦ "Новая Еўропа", дзе забіў 43-гадовую прадавачку і параніў яшчэ дзвюх жанчын. Казакевіча судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — "Забойства", "Хуліганства" і "Падрыхтоўка да злачынства". 

Агульная сума ўсіх пазоваў ад пацярпелых да Казакевіча склала 266 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі