Чатырохдзённы працоўны тыдзень / @rubanau_collage
Усё больш краін эксперыментуюць з чатырохдзённым працоўным тыднем замест звыклых пяці дзён. І пакуль у большасці выпадкаў вынікі аказваюцца станоўчымі.
Днямі Ісландыя падвяла вынікі пераходу на скарочаны працоўны тыдзень. У 2020-2021 гадах на чатырохдзённы графік без зніжэння заробкаў перайшоў 51% жыхароў вострава. Прафесарка эканомікі Універсітэта Рэйк’явіка Катрын Олафсдоцір расказала, што першымі новую сістэму выпрабавалі дзяржаўныя ўстановы.
— Усё пачалося з урада і муніцыпалітэтаў. Яны паспрабавалі гэта ў некалькіх установах, і спрацавала вельмі добра. Людзі былі вельмі задаволеныя. Такім чынам, яны пачалі працаваць чатыры поўныя дні і палову пятага. І тады, напрыклад, калі чалавек ідзе да ўрача, ён не мусіць “уцякаць” з працы.
— Я веру, што гэтыя выдаткі вернуцца. Ёсць складанасці, і людзі былі не згодныя, але цяпер, здаецца, гэта выраўнялася. Як я ўжо казала, на некаторыя месцы гэта не паўплывала, у іншых давялося наняць больш людзей. Але я думаю, што доўгатэрміновым эфектам будзе тое, што людзі змогуць працаваць даўжэй.
Пра гэта Еўрарадыё запытала старшую навуковую супрацоўніцу аналітычнага цэнтра BEROC, эканамістку Анастасію Лузгіну. На яе думку, пакуль не ўсе галіны можна поўнасцю пераводзіць на чатырохдзёнку.
— Мы павінны разумець, што калі пры скарочаным працоўным тыдні ў людзей застаецца той жа аб'ём працы, то ім давядзецца працаваць больш эфектыўна — ці проста больш. Гэта не заўсёды магчыма.
У такіх складаных галінах, як, напрыклад, будаўніцтва, ці на нейкіх заводах цалкам магчыма, што чалавек робіць нейкую колькасць працы, вырабляе нейкую колькасць прадукту, але павялічыць у дзень вытворчасць адразу наўрад ці атрымаецца. Таму ўсё ж ёсць пытанні наконт пераводу ў цэлым.
Паводле эксперткі, пытанне, ці можна пераводзіць беларускія прадпрыемствы і кампаніі ў такі рэжым, стаяць цяпер не можа.
— Гэта праблема для Беларусі: неэфектыўная вытворчасць, якая ідзе разам з вялікім дзяржаўным удзелам, напрыклад, немагчымасцю звольніць людзей, якія занятыя ў дзяржаўных кампаніях, каб захаваць працоўныя месцы. Не дай бог яны трапяць пад скарачэнне — гэта пагаршае менеджмент фірмы.
Калі б гэта была прыватная кампанія, то з улікам дзейнага заканадаўства яна магла б аптымізаваць штат людзей. На дзяржпрадпрыемствах гэта больш складана. Таму гэта таксама памяншае магчымасць кардынальна перабудаваць мадэль дзяржаўнага бізнесу.
Адзінае, як лічыць Анастасія Лузгіна, такое цалкам магчыма ўявіць у беларускіх IT-кампаніях. У выпадку з іншымі галінамі беларускай эканомікі зрабіць цяпер такое складана без дадатковай нагрузкі на чалавека на працягу рабочага дня або без шкоды для эканомікі.
Гэта адбываецца, калі з’яўляюцца неабходныя ўмовы. Па-першае, трэба, каб да гэтага прыйшлі самі кампаніі, дзе працуюць людзі, каб яны зразумелі, што ёсць такая магчымасць без шкоды для працы.
Для гэтага патрэбны эфектыўны менеджмент: дзесьці перабудаваць вытворчасць, дзесьці ўкараніць інвестыцыі, каб за меншую колькасць часу вырабляць той жа прадукт ці больш у разліку на аднаго чалавека.
Ізноў жа, гэта ўсё тэхналогіі і якасць менеджменту, каб не з-пад палкі ўсё рабілася — маўляў, увялі план і выконваем, — а каб, як у шэрагу еўрапейскіх краін, паступова. Там праводзяцца пілотныя праекты, і на аснове іх вынікаў робяцца высновы.
Калі падвышаецца эфектыўнасць, то, вядома, скараціць працоўны час магчыма. Але тут усё вельмі залежыць ад галіны. На мой погляд, з развіццём штучнага інтэлекту і тэхналогій гэта будзе ўсё больш рэалістычна.
— Пакуль кажуць, што ў выніку эксперыментаў прадуктыўнасць застаецца на тым жа ўзроўні, але якасць паляпшаецца, бо работнікі адчуваюць сябе лепш…
— Так, але ёсць розныя даследаванні, і гэта не заўжды так. Калі мы гаворым пра офісных работнікаў, айцішнікаў, выкладчыкаў, то іх аптымізаваць можна, павысіць прадукцыйнасць і якасць жыцця людзей.
У выніку павысілася прадукцыйнасць, работнікі сталі лепш сябе адчуваць, наладзілі баланс паміж работай і жыццём, а выручка засталася на ранейшым узроўні. Чысты прыбытак пры гэтым павысіўся, бо скараціліся выдаткі на электраэнергію. Кампанія вырашыла пакінуць чатырохдзёнку.
Падобныя эксперыменты праводзіліся ў розных краінах Еўропы і свету: Германіі, Бельгіі, Ірландыі, ПАР, ЗША, Аўстраліі. Найбуйнейшы быў у Вялікабрытаніі ў 2022 годзе. Тады ў тэсце паўдзельнічалі 2900 супрацоўнікаў, занятыя ў фінансавым сектары, IT, інтэрнэт-крамах, студыях камп’ютарнай анімацыі, закусачных і ў сферы маркетынгу.
Паводле звестак даследнікаў з Кембрыджа і Бостана, пасля ўвядзення чатырохдзёнкі колькасць бальнічных дзён скарацілася прыкладна на дзве траціны, а амаль 40% супрацоўнікаў заявілі, што падчас эксперыменту адчувалі менш стрэсу, чым да яго.
Акрамя таго, колькасць тых, хто звольніўся з працы, скарацілася на 57%. Пры гэтым даследчыкі адзначылі сярэдняе павелічэнне прыбытку на прадпрыемствах, якія ўдзельнічалі ў эксперыменце, прыкладна на 1,4%.
56 з 61 кампаніі-ўдзельніцы заявілі, што хацелі б захаваць чатырохдзённы тыдзень і пасля заканчэння эксперыменту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут