Чацвёра пацярпелых у ДТЗ пад Смалявічамі застаюцца ў вельмі цяжкім стане

23/02/2023 - 09:56
Маршрутнае таксі сутыкнулася з грузавіком / @pressmvd

Чацвёра чалавек з маршруткі, якая трапіла ў ДТЗ пад Смалявічамі, застаюцца ў вельмі цяжкім стане. Барацьба за іх жыццё працягваецца.

"Гэта трое пацыентаў з цяжкай спалучальнай траўмай, дзе пераважае траўма органаў брушной поласці. І адзін пацыент, у якога ў клінічнай карціне пераважае цяжкая чарапная траўма", — кажа галоўны пазаштатны хірург-трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Алег Румо.

Яшчэ пяцёра пацыентаў знаходзяцца ў цяжкім стане ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. У іх ва ўсіх таксама спалучальныя траўмы: пашкоджаныя косткі шкілета, чэрапа, у некаторых — пашкоджаны галаўны мозг.

Нагадаем, у выніку ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі і грузавога аўтамабіля МАЗ 20 лютага загінулі 11 чалавек, у тым ліку двое дзяцей 13 і 14 гадоў. Яшчэ 9 чалавек даставілі ў мясцовую райбальніцу. Пазней іх эвакуявалі ў мінскія клінікі: Мінскую абласную бальніцу, Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, а таксама ў Дзіцячы хірургічны цэнтр.

Кіроўца маршруткі выжыў, ён знаходзіцца ў бальніцы. Кіроўца МАЗа затрыманы "па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі