Беларуса з пашпартам грамадзяніна свету затрымалі ў Польшчы

14/08/2023 - 16:06

Дакументы, з якімі затрымалі беларуса / slaski.strazgraniczna.pl

Польскія памежнікі затрымалі 31-гадовага беларуса ў аэрапорце горада Катавіцы. У якасці пасведчання асобы ён падаў пашпарт грамадзяніна свету (World Passport), выдадзены яму сусветным урадам, паведамляе Сілезскае памежнае ўпраўленне.

Мужчына заявіў, што гэты дакумент дае яму права свабодна перамяшчацца па тэрыторыі краін ААН. У пацвярджэнне сапраўднасці пашпарта ён падаў дакумент з надпісам "легалізацыя міжнароднага дакумента, які сведчыць асобу" на трох мовах. На ім сярод іншых быў штамп Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення. Памежнікі засумняваліся і ў дакументах, і ў пячатках.

У размове беларус паведаміў, што планаваў паляцець у Егіпет: ён паказаў квіток на самалёт і пацвярджэнне браніравання гатэля.

Аднак памежнікі яго затрымалі, бо іншых дакументаў у мужчыны не было.

Пашпарт грамадзяніна свету выдаецца некамерцыйнай арганізацыяй "Сусветны ўрад грамадзян свету". Арганізацыя называе яго дакументам для міжнародных паездак. Аднак нацыянальныя ўрады звычайна ці зусім не прымаюць гэты дакумент, ці прымаюць з натарыяльным пацвярджэннем. Такія пашпарты каштуюць ад 75 долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі