Амбасадар ЗША пры АБСЕ назваў Беларусь саўдзельніцай расійскай агрэсіі

08/03/2022 - 07:36

Беларусь выступіла саўдзельніцай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта заявіў амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр. У панядзелак ён выступіў на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене. 

"Вы ўдарылі суседа нажом у спіну. Не спрабуйце тут нават апраўдаць гэты факт. Вы саўдзельнік агрэсіі, ваша тэрыторыя была выкарыстаная як плацдарм для жорсткага, варварскага нападу на суседнюю дзяржаву, і вы несяце за гэта адказнасць", — цытуе "Голас Амерыкі" зварот амерыканскага дыпламата да прадстаўніка афіцыйнага Мінска.

Таксама Карпентэр назваў хлуснёй заявы, "быццам ЗША пацвердзілі адсутнасць беларускіх войскаў ва Украіне".

На гэтым жа пасяджэнні з заявай наконт расійскай агрэсіі ва Украіне выступіў і Еўрасаюз. Вайна Расіі супраць Украіны называецца "найбольшай ваеннай агрэсіяй у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны". ЕС падкрэслівае, што ўварванне Расіі ва Украіну нічым не справакаванае, неапраўданае і жорсткае. 

"Расія пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў якасці суагрэсара нясе поўную адказнасць за гібель людзей, раненні і разбурэнні... Мы таксама паўтараем наш заклік да Беларусі не дазваляць расійскай агрэсіі і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы", — падкрэсліваецца ў заяве ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі