Амаль 3000 пажараў за пару месяцаў: чаму гарыць Беларускае Палессе

17/04/2020 - 12:14
Пажар на Палессі / "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Амаль два месяцы беларускія ратавальнікі змагаюцца з агнём на Палессі. Гараць лясы, хмызнякі, сухая трава. Вецер разносіць дым па ваколіцах, у вёсках часам такі шчыльны смог, што не відаць, што адбываецца за агароджай участка.

"Пажарныя палівалі тут усё"

"Самыя актыўныя пажары пад Туравам пачаліся тыдзень таму, — расказвае Еўрарадыё настаўніца Анастасія Блоцкая. — На маіх вачах гарэла пойма Прыпяці. Тут гняздуюцца вялікі вераценнік, марадунка, такіх месцаў вельмі мала ў Беларусі. Жудасна было чуць, як крычаць спалоханыя кулікі. І жывёлы гараць... Ідзеш па лузе і знаходзіш абгарэлыя трупы зайчыкаў і вожыкаў". 

 

Згарэлая пойма Прыпяці, заказнік "Сярэдняя Прыпяць" / Максім Бялоцкі

Дзяўчына жыве за 7 кіламетраў ад Турава, у вёсцы Верасніца. Пажараў у наваколлі за два тыдні здарылася шмат. "Агонь быў відаць з акна, — працягвае Анастасія. — Маштабы жудасныя! Дым настолькі моцны, што мы вокны не адчынялі ў кватэры, проста было нерэальна дыхаць".   

Від на пажар з акна дома, у якім жыве Анастасія

"Мы працуем у пойме ракі Прыпяць, гэта цэнтр Палесся, — расказвае Еўрарадыё арнітолаг, дырэктар Тураўскай станцыі кальцавання птушак Павел Пінчук. — Тут гарэлі заліўныя лугі. Напэўна, адсоткаў 80 згарэла толькі ў раёне Турава. Па расказах, такая сітуацыя назіраецца па ўсім заказніку "Сярэдняя Прыпяць". Ясна, што гэта падпалы, таму што стыхійна пачацца пажары ў многіх месцах не могуць. Звычайна пойма залітая вадой і недаступная для людзей, але сёлета тут суха. Каб агонь не перасунуўся на вёскі, пажарныя палівалі тут усё, хоць тушыць у пойме агонь вельмі складана, не ўсюды ёсць праезд для пажарных машын".

Ваенны пенсіянер Яўген Прохараў расказвае пра пажар, які здарыўся пад Мазыром каля двух тыдняў таму.

"Я, вядома, бачыў пажары на Далёкім Усходзе, але наш быў мацнейшы, — успамінае ён. — Спачатку мы заўважылі дым над Прыпяццю. Літаральна праз паўгадзіны загарэлася балота, там высахлыя пасля зімы зараснікі асакі. А яшчэ праз 15 хвілін агонь падышоў блізка да лецішчаў у пойме ракі за Новым мостам. Пяць ці шэсць дамоў згарэла. Там цяпер выпаленая пустыня — усё чорна-чорна. Але МНСнікі — малайцы: прыехалі, змагаліся. Бачыў, як мужчыну з дыму выцягнулі. Вельмі шкада, што ў такіх пажарах згараюць насякомыя, якімі жывяцца птушкі, ды і самі птушкі".

 

У сухое надвор'е пажарным даводзілася тушыць да 100 пажараў у дзень, часам — у практычна недаступных месцах. 

Пажараў ужо больш, чым за ўвесь 2019 год

За апошнія некалькі дзён дажджы дапамаглі ратавальнікам справіцца з полымем практычна ва ўсім рэгіёне. У Столінскім раёне ліквідаваны пажар плошчай 190 гектараў, у Брагінскім — 40, у Рэчыцкім — 90, у Лунінецкім — 37. "Гэта вельмі сур'ёзныя плошчы. Больш за ўсё ўзгаранняў здарылася на поўдні Палесся", — расказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

 

"За ўвесь мінулы год адбылося каля 2,5 тысячы пажараў у экасістэмах, —  апісвае маштаб праблемы прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. — Сёлета лічбы цалкам перакрытыя. На сёння пажараў адбылося больш, чым за ўвесь 2019-ы. Лічба набліжаецца да 3 тысяч".

Пажары на Палессі звязаныя з тым, што клімат мяняецца, а звычкі людзей застаюцца тымі ж, расказваюць Еўрарадыё ў "Ахове птушак Бацькаўшчыны". Хтосьці падпальвае траву дзеля будучага ўраджаю, а хтосьці пакідае бутэлькі і іншае смецце ў месцах адпачынку. Праз шкло, як праз лінзу, на сухую траву трапляе святло сонца — вось вам і пажар.

На Палессі стане яшчэ сушэй

"Мы бачым па мінулым годзе, што колькасць пажараў расце, — кажа каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі Віктар Фянчук. — Паводле прагнозаў навукоўцаў, клімат будзе мяняцца далей, у тым ліку ў Беларусі. На ўсходзе краіны прагназуюць з'яўленне новай кліматычнай зоны. Гэта значыць, што і на Палессі будзе яшчэ сушэй".

Ці разумеюць гэта чыноўнікі? Па словах Віктара Фенчука, пакуль што дзяржава больш занепакоеная надзённым пытаннем: як забяспечыць бесперашкоднае тушэнне агню? Пракласці дарогі, па якіх змогуць праехаць пажарныя машыны, стварыць вадаёмы, адкуль можна будзе пампаваць ваду для тушэння.

 

 

"Цяпер неабходна не толькі ўзмацніць работу па барацьбе з пажарам, але і змяніць падыход, пакапацца ў прычынах. Напрыклад, на дзяржаўным узроўні распрацаваць праект паўторнага забалочвання балот. Саджаць тыя пароды дрэў, якія гараць не так лёгка і хутка, як хвоя, якой засаджвалі тэрыторыю пасля вайны. Гэта складаныя змены. Людзі дзесяцігоддзямі працавалі інакш", — уздыхае спецыяліст.

 

А што там ва Украіне?

З украінскага боку мяжы Палессе таксама гарыць. Сёлета пажар ушчыльную падышоў да АЭС. Агонь знішчыў частку "рыжага лесу", 12 закінутых сёл і ваенны гарадок Чарнобыль-2, падышоў да ўскраін Прыпяці і сховішча радыеактыўных адходаў "Падлесны". Прычынай узгарання лічаць падпалы травы. Двое падазраваных былі затрыманыя.

Ратавальнікам спатрэбілася 10 дзён, каб пагасіць адкрыты агонь на плошчы 20 гектараў, і яшчэ некалькі дзён, каб пагасіць тленне.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі