Гадзіннікі ў Еўропе пераводзяць на адну гадзіну наперад у апошнюю нядзелю сакавіка / Photo by Boris Misevic on Unsplash
З пераходам на летні час у Еўропе, многія могуць не заўважаць змены, спадзяючыся на тэлефоны або разумныя гадзіннікі. Аднак некаторыя краіны свету жывуць па сваіх уласных правілах, ствараючы нечаканыя часавыя "анамаліі" для падарожнікаў, піша выданне Euronews.
Напрыклад, большая частка Іспаніі геаграфічна знаходзіцца ў зоне UTC+0, але з 1942 года жыве па Цэнтральнаэўрапейскім часе (UTC+1) з-за рашэння Франсіска Франка. У 2013 годзе парламенцкая камісія рэкамендавала вярнуць краіну ў "правільны" гадзінны пояс, аднак змены да гэтага часу не адбыліся.
У іншых краінах сітуацыя яшчэ больш экзатычная: Кітай, які ахоплівае пяць геаграфічных часавых зон, афіцыйна выкарыстоўвае толькі Пекінскі час (UTC+8), а ў Непале дзейнічае ўнікальны 45-хвілінны зрух (UTC+5:45). Мальдыўскія курорты часта ўводзяць "асобны час" для зручнасці турыстаў, перакручваючы гадзіны на гадзіну наперад.
Складанасці з часовымі паясамі сустракаюцца і ў Аўстраліі, дзе кожная тэрыторыя сама вырашае, пераходзіць на летні час ці не. У ЗША, напрыклад, Арызона і Гаваі не пераходзяць на летні час, а жыхары Самоа цяпер жывуць на дзень наперад адносна Амерыканскага Самоа, нягледзячы на адлегласць усяго 200 км, каб сінхранізавацца з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй.
Беларусь не пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў на летні і зімовы час. З 2011 года краіна круглы год жыве па пастаянным часе, які адпавядае часоваму поясу UTC+3. Пераход на сезонны час быў адменены дзеля эканоміі электраэнергіі і паляпшэння ўмоў працы і адпачынку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут