Мы ўбачым агульны рост цэн і паскарэнне інфляцыі / LookByMedia
28 сакавіка ў Беларусі адразу на чатыры капейкі вырастуць цэны на паліва. 4 красавіка яны павысяцца яшчэ на тры капейкі. Раней у краіне цэны павышаліся на адну капейку на тыдзень — гэты працэс ішоў павольна і быў амаль незаўважны. Цяпер урад спяшаецца.
З чым гэта звязана і як гэта адаб’ецца на кашальках беларусаў, у эфіры Еўрарадыё абмеркавалі рэдактар Павел Свярдлоў і эканамістка Аліса Рыжычэнка.
— З чым гэта звязана? Перш за ўсё з крызісам у Персідскім заліве і падаражаннем сырой нафты. Гэта ўжо адчуваюць не толькі ў іншых краінах, але і ў Беларусі — у тым ліку ў кашальках людзей, — кажа экспертка.
Рост цэн на нафту ўплывае на значна шырэйшы спектр рэчаў.
— Падаражэе не толькі паліва, але і іншыя тавары і паслугі, бо ў іх кошт закладзены выдаткі на лагістыку. Калі даражэе паліва, аўтаматычна павялічваюцца і транспартныя выдаткі, што ў выніку адбіваецца на канчатковай цане для спажыўца.
Такім чынам, гэта толькі першы крок. Далей, хутчэй за ўсё, мы ўбачым агульны рост цэн і паскарэнне інфляцыі. Калі да гэтага дадасца яшчэ і рост курсу долара, гэта стане дадатковым праінфляцыйным фактарам.
І без таго эканамічныя паказчыкі не цалкам адпавядаюць тым, што раней прагназавалі беларускія ўлады. А цяпер, на фоне росту цэн на паліва і магчымых ваганняў валютнага курсу, сітуацыя можа яшчэ больш ускладніцца, — папярэджвае Аліса Рыжычэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут