"Алена — герой. Загінула сама, але пры гэтым выратавала жыцці іншых"

11/10/2016 - 14:01

У Мінску развітваюцца з Аленай, забітай у мінскім гандлёвым цэнтры "Еўропа" 8 кастрычніка падлеткам з бензапілой. У жалобнай зале ў Навінках каля ста чалавек — родныя, блізкія, сябры і калегі жанчыны. Пасля адпявання да труны нясуць кветкі. Труна адкрытая, але твар жанчыны закрыты белай тканінай.


"Ведаеце, Алена нездарма сустрэлася на шляху ў гэтага забойцы, — бярэ слова мужчына, які стаіць ля труны. —Я вельмі смуткую, і хачу, каб мы не забывалі гэтую цудоўную жанчыну. Для мяне яна — герой. Увесь удар прыняла за сябе. Відаць, гэта было яе прызначэнне на зямлі: загінуць самой і выратаваць іншых".

Высокі мужчына ў цэнтры — муж Алены Аляксандр

Алена нарадзілася ў Нясвіжскім раёне. 22 гады таму выйшла замуж за Аляксандра, ён палкоўнік унутраных войскаў. Яшчэ праз паўтара года на свет з'яўляецца дачка Алеся (дзяўчынка з праблемамі слыха). Апошнія гады Алена не працавала, займалася хатняй гаспадаркай, а ў гандлёвым цэнтры "Еўропа" за прылаўкам крамы з акулярамі з'явілася ўсяго за тры тыдні да трагедыі.


"Тое, што адбылося, ацаніць цяжка. Нявінна забітыя сыходзяць у Царства Божае адразу... — мужу загінулай цяжка гаварыць. Але яго словы прымушаюць плакаць прысутных. — Я яе адвёз на працу ў гэты дзень. І так атрымалася, што яна села не справа ад мяне, як звычайна (заўсёды, калі развітваемся ў машыне на кароткі тэрмін, мы цалуемся), а ззаду з правага боку. Я бачыў яе твар у правае люстра аўтамабіля. Я яе вязу, гляджу на яе і любуюся. Я кажу: "Дзяўчынка, ты такая ў мяне прыгожая, такая мілая і цудоўная". А яна ўзняла броўкі і, жартуючы, высунула кончык языка. А потым мы спыніліся, я яе высадзіў. Яна сышла, і мы з ёй не пацалаваліся, таму што не было магчымасці. Толькі памахалі адзін аднаму".

 

За некалькі хвілін да моманту, калі ў "Еўропу" зойдзе хлопец у аранжавай куртцы з бензапілой, Аляксандр размаўляе з Аленай па тэлефоне. Маўляў, прадукты набыў, гатую вячэру, чакаю. Жанчына дадому не вяртаецца…


"Мы трымаемся. Мы з Алесяй стойкія. Ты нас навучыла быць стойкай. Яна сама была такая — прабіўная і стойкая. Мы будзем з Алеськай жыць, мы справімся. Леначка, мілая, прабач, калі што не так. Ты абяцала заўсёды дапамагаць. Таму не забудзь пра нас... Жылі, як усе людзі. І вандравалі, і гадавалі малую. Мы кахалі адзін аднаго. Дзякуй табе, Лянулік, дзякуй родная, за ўсе гады, пражытыя з табой".


Увечары, 8 кастрычніка ў гандлёвы цэнтр "Еўропа" заходзіць малады чалавек з бензапілой і сякерай. Яго ахвярай становіцца Алена: жанчына адлучылася з працоўнага месца набыць шкарпэткі дачцэ. Юнак ударае Алену бензапілой. Аднак інструмент глухне. Ён тут жа дастае з футляру з-пад гітары вялізную сякеру і наносіць ім пяць удараў. Жанчына памірае на месцы. Затым падазраваны ў забойстве раніць яшчэ дзвюх жанчын, пасля яго затрымліваюць.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі