“Жанчынам з завода не падабаюцца незразумелыя выявы. Іншая справа алені і зубры”

07/09/2016 - 09:03

Памятаеце на вуліцы Кастрычніцкай за "Дэпо" і Enzo вялізны белы будынак Мінскага завода кастрычніцкай рэвалюцыі даўжынёй у 193 метры і вышынёй у 18? Цяпер ён не белы, а з агромістымі стракатымі выявамі пеўніка, зубра, аленя і, кажуць, там будзе шмат беларускіх жывёл, якія знікаюць. На сцяну закупілі дзве тысячы бляшанак фарбы, а сам гіганскі мурал мае ўсе шанцы патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса.

Самы вялікі мурал у Мінску робіць бразільскі стрытартар Рамон Марцінс. Але, натуральна, самастойна размаляваць гіганцкую сцяну за тры тыдні, пакуль у сталіцы цягнецца трэці фэст вулічнага мастацтва Vulica Brasil (арганізаваны амбасадай Бразіліі пры падтрымцы Belavia), Рамон не паспее. Таму яму дапамагаюць у гэтым валанцёры. Адзін з іх — Арсеній, які вучыцца на дызайнера ў ЕГУ.

"Я дагэтуль займаўся графіці, фарбаваў і ўмеў абыходзіцца з балончыкамі, марыў зрабіць сваю сцяну, — распавядае Арсеній. — А тут дапамагаю. Працую з маштабам. Можна сказаць, што я напарнік. Гэта як сваю сцяну малюеш, але па чужым эскізе. Ён нам давярае. Мы самі выбіраем колеры. Можам падысці і прапанаваць нешта. Ён учора сказаў, што мы ўносім разнабаковасць у яго працу. Набіраюся досведу. У іх, бразільцаў, варта павучыцца радавацца жыццю".

Рамон і валанцёры, якія дапамагаюць яму размалёўваць будынак

Ахвотных дапамагаць бразільскім мастакам апынулася шмат, распавядаюць дзяўчаты, якія ладзяць нам экскурсію па “Вуліцы Бразіл”. Аднак, калі дайшло да справы (падняцца на пад’ёмнік і маляваць), многія папілі кавы, зрабілі сэлфі на фоне новых сценаў і развіталіся. Таму валанцёрам, якія не баяцца вышыні і мараць пакінуць на гарадской сцяне "частку сябе" па-ранейшаму будуць тут радыя.

Элементы працы Imai Yusk

Тарэц завода размалёўвае яшчэ адзін брзілец, Imai Yusk. Па чутках, ён прыляцеў у Мінск за восем гадзін да таго, як пачне дзейнічаць віза. Таму прасядзеў на зэдліку ў аэрапорце гэтыя восем гадзін, нічога не еўшы. Яшчэ кажуць, што спачатку ён збіраўся намаляваць на сцяне чарапы. Але ідэя не спадабалася сталічным ідэолагам. Цяпер ён малюе нешта містычнае: шмат вачэй, якія пазіраюць на гледачоў, і руку, якая трымае ў пальцах рэальныя, пафарбаваныя ў чорны колер, завадскія дзверы.

"У нас тут сядзяць наладчыкі, якія робяць наладку станкоў, звязаных з электронікай. Таму варта на гэтых дзвярах намаляваць мікрасхему, — падказваюць бразільцу ідэю працаўнікі завода, якія стаяць і назіраюць за працай мастака. — Ведаеце, нашым жанчынам не падабаюцца такія незразумелыя выявы. Ім больш даспадобы алені ды зубры. Кажуць, што так прыгажэй. А чорны корпус з графам Чапскім вельмі іх летась засмуціў. Але так жа лепш, чым проста сцены. Працаваць на такой мастацкай вуліцы, натуральна, натхняе, але заробкі не вельмі натхняюць".

Хатні агмель ад Жэні Cowek'а

На будынку са знакамітым гусляром Яўгена Cowek'а з'явіўся новы насценны жывапіс яго ж аўтарства. Тут па-ранейшаму дзяўчына ў давід-гарадоцкай намітцы. Але сюжэт новага муралу не звязаны з папярэдняй працай мастака.

"Тэма — сямейныя каштоўнасці, — тлумачыць Яўген Cowek. — Тут мужчына і жанчына трымаюць сімвалічны домік, свой хатні агмень, які бярэ веды і энергію з Сусвету".

Пасля таго, як Жэня дамалюе мурал, за яго "возьмецца" эка-дызайнер, і на вокнах дома з'явяцца кантэйнеры з кветкамі, а зялёная зона, на якой сядзіць сямейная пара, таксама стане натуральнай. Дрэвы са старых працаў Яўгена ўпрыгожаць шпакоўні, кантэйнеры з плюшчам і вінаграднікам. У выніку працы "заіграюць" па-новаму, а расліны ажывяць не толькі сцяну, але і бюст Леніна, які нязменна патрулюе завод кастрычніцкай рэвалюцыі.

У "Дэпо" абедае легендарны бразільскі вулічны мастак Speto. Яго мурал ствараецца на левай частцы сцяны гатэля “БелРостІнвестБуд” на Кастрычніцкай, 25. Speto даведаўся пра Беларусь ад сваіх сяброў, братоў Osgemeos, якія ўдзельнічалі ў леташняй "Вуліцы Бразіл" і збіраюцца прыехаць у Мінск і зараз. Стрытартары распавялі пра тутэйшых прыемных людзей, прыгожае месца і завочна закахалі Speto у Мінск.

"Для мяне, як чалавека, вельмі важна ездзіць па розных краінах і пакідаць сваё мастацтва. Я разумею, што людзі, якія яго бачаць, могуць быць абсалютна розных поглядаў, і добра, што мастацтва можна данесці да ўсіх", — мяркуе мастак.

У Мінску Speto малюе пакемонаў. Маўляў, гэта цяпер мэйнстрым, і чаму б яго не злучыць з беларускім каларытам? Падтэкст, які хоча данесці мастак, абавязкова будзе ўспрымацца на ўзроўні падсвядомасці. Ён так мяркуе:

"Стыль, у якім я малюю, гэта не урбан-арт. Бо я малюю тое, што не перасякаецца. Таму нельга правесці нейкіх сюжэтных ліній у маіх працах, якія маглі б сустрэцца і ў Бразіліі, і ў Беларусі".

Акно тыпаграфіі “Данарыт” цяпер упрыгожвае птушка чаротка: гэта Луіс Марцінс, ён жа L7M “размінаецца” перад пачаткам вялікай працы на сцяне той жа Кастрычніцкай, 25. 

Побач — фантастычнае палатно беларуса Bazinato

Апроч таго, мастакі маюць узяцца за рэтра-трамваі. Працы будуць цалкам гатовыя 17 верасня, калі на Кастрычніцкай пройдзе вясёлы фестываль вулічнага мастацтва з музыкай і ежай.

Imai Yusk за працай
Валанцёр Арсеній
Адказны за пад'ёмнік

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі