Кіраўнік Telegram папярэдзіў уладальнікаў айфонаў са старой iOS пра ўзломы

28/11/2026 - 10:36

Павел Дураў / Getty Images

Заснавальнік Telegram Павел Дураў напісаў у сваім канале, што карыстальнікаў iPhone "масава ўзломваюць". Пад пагрозай апынаюцца ўсе даныя ўладальнікаў смартфонаў, на якіх стаіць нават крыху састарэлая версія iOS. Месенджар пачаў рассылаць такім карыстальнікам службовыя паведамленні з заклікам усталяваць апошняе абнаўленне.

"Карыстальнікаў iPhone масава ўзломваюць. Калі ваша iOS састарэла хаця б крыху, усе вашы даныя пад пагрозай. Каб вас узламалі, можа быць дастаткова проста адкрыць вэб-сайт. Мы адпраўляем гэтае папярэджанне ўсім нашым карыстальнікам са старымі версіямі iOS", — напісаў Павел Дураў у сваім канале ў Telegram.

У паведамленні ад афіцыйнага акаўнта Telegram гаворыцца, што састарэлая iOS змяшчае ўразлівасці, якія ставяць пад пагрозу даныя і ўліковыя запісы карыстальнікаў.

Каб абнавіць сістэму, трэба:

  • адкрыць "Налады" на тэлефоне;
  • перайсці ў раздзел "Асноўныя", а потым — "Абнаўленне ПЗ";
  • усталяваць апошнюю даступную версію iOS.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі