Кадэбісты, ілюстрацыйнае фота / Еўразія Эксперт
Сталі вядомыя падрабязнасці ператрусаў у атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT і іх сваякоў у Беларусі. Яны прайшлі ў розных гарадах Беларусі 25 лістапада. Паведамлялася, што іх праводзяць узброеныя аператыўныя групы КДБ.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", кадэбісты прыйшлі па месцы прапісцы чалавека, які атрымаў стыпендыю, і распытвалі яго маці: дзе гэты чалавек вучыцца і працуе, якія мае планы і ці дасылаюць яму бацькі грошы? Таксама жанчыну папрасілі затэлефанаваць сыну і пакінулі нумар, каб ён мог звязацца з сілавікамі. Маці прымусілі падпісаць дакумент аб неразгалошванні. Сілавікі сказалі ёй, што для бяспечнага вяртання ў Беларусь атрымальнік стыпендыі павінен выдаліць усе чаты, звязаныя з праграмай SALT. Уся размова заняла каля гадзіны.
Таксама праваабаронцы маюць звесткі пра два ператрусы ў розных гарадах краіны. Адзін з атрымальнікаў стыпендыі знаходзіцца ў Беларусі — яго не затрымалі, але ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя арт. 356 КК (здрада дзяржаве), арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады), арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі).
EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) — гэта стыпендыяльная праграма Еўрасаюза для беларускіх студэнтаў, даследчыкаў і выкладчыкаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу. Электронныя адрасы стыпендыятаў трапілі ў адкрыты доступ праз недагляд адміністратара праграмы ў траўні 2026-га: ён разаслаў выпуск бюлетэня, у якім адрасы ўсіх атрымальнікаў рассылкі былі бачныя іншым адрасатам. Літоўская праграма пацвердзіла ўцечку персанальных даных.
Сайт eu4belarus.info, на якім былі старонкі праграм EU4Belarus — SALT, SALT II, SALT III і Education for Belarusians, у Беларусі прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут