“З’ем нават пратэрмінаваныя прадукты”: віцяблянін просіць людзей падзяліцца ежай

11/03/2019 - 13:46

Беспрацоўны жыхар Віцебска Дзмітрый Шаркоў размясціў у інтэрнэце аб’яву пра тое, што яму няма чаго есці. Мужчына просіць у людзей прадукты харчавання і згодны нават на пратэрмінаваную ежу.

“Калі грамадскі фудшэрынг сапраўды ёсць у Віцебску, дык прашу: дапамажыце мне прадуктамі харчавання. Няма чаго есці, мой нумар +375295808203. Згодны прыняць у дар нават пратэрмінаваныя прадукты харчавання, з'ем фактычна ўсё, што прапануюць дарма. Можа, хто-небудзь захоча дапамагчы ежай?” — піша Шаркоў.

Еўрарадыё высветліла, як здаровы 34-гадовы мужчына дайшоў да таго, каб абвясціць “фудшэрынг” і прасіць дапамогі ў незнаёмых людзей.

“Няма грошай, каб аднавіць ваенны білет”

У размове з Еўрарадыё Дзмітрый кажа, што жыве на пенсію маці. Раней ён працаваў у віцебскай будаўнічай фірме. Але, па яго словах, там яго падманулі і не заплацілі грошы. Уладкавацца на новую працу Дзмітрый таксама не можа: кажа, што няма грошай, каб аднавіць ваенны білет.

“Я аддзелачнікам працаваў. Заробак на фірме я дагэтуль не атрымаў, — гаворыць Дзмітрый Шаркоў. — Фірма называецца “Капіталгандальбуд”. Знаходзіцца ў Віцебску. Нас не разлічвалі, мы звярнуліся ў суд, але ўсё марна. Фірмай запраўляюць тры браты-грузіны, але рашэнне суда яны не выконваюць. Справу ў судзе мы выйгралі, але цішыня”.

Па словах Дзмітрыя, ён звярнуўся ў віцебскі цэнтр занятасці, дзе яму прапанавалі працу на прадпрыемстве “Знамя індустрыялізацыі”. Туды яго не бяруць, бо ў яго няма ваеннага білета.

“Ад біржы працы мяце накіравалі на “Знамя індустрыялізацыі”. Маляром прапанавалі працаваць. Я прайшоў медкамісію, прыйшоў афармляцца, але не ўзялі праз тое, што няма ваеннага білета. Яго я згубіў, а аднавіць цяпер не магу: няма грошай на фатаграфію. Кажуць, каб з білетам прыходзіў — і аформяць”.

На пенсію маці Дзмітрый жыве прыкладна са снежня.“Я разумею, што шанцаў, каб мне дапамаглі, няма, але, як кажуць, надзея апошняй памірае. Ніхто пакуль не адгукнуўся”, — кажа ён.

Як Дзмітрый думае вырашаць праблему?

“Трэба зрабіць ваенны білет і працаўладкоўвацца. Маці не можа мне дапамагчы грашыма, бо мы дровы купілі. Прыватны дом у нас. Машына дроваў каля 200 рублёў каштуе, — распавядае віцяблянін. — Можа, артыкул пра фірму, дзе я працаваў, неяк іх падштурхне, каб нам выплацілі нашыя заробкі. Па судзе мне 410 рублёў фірма павінная заплаціць. Нас пяць чалавек у суд звярталася. Што цяпер з фірмай, я не ведаю. Там змяніліся кантакты, дык я нават патэлефанаваць не магу”.

“Няхай робіць дакументы і прыходзіць”

На прадпрыемстве “Знамя індустрыялізацыі” Еўрарадыё пацвердзілі, што Дзмітрый Шаркоў сапраўды туды звяртаўся, каб працаўладкавацца.

“Чалавек павінен прыйсці з усімі дакументамі: пашпарт, працоўная кніжка, дыплом аб адукацыі і абавязкова ваенны білет, — адказалі ў аддзеле кадраў “Знамені індустрыялізацыі”. — Трэба ведаць, як ён па ваенкамаце праходзіць. Ён [Дзмітрый Шаркоў] нам не прадаставіў ваенны білет. Дакументы не ў парадку, і мы яго адправілі ў ваенкамат, каб прынёс. Няхай робіць дакументы, прыходзіць, і возьмем з задавальненнем”.

У судзе Першамайскага раёна Віцебска Еўрарадыё падцвердзілі, што іск супраць фірмы “Капіталгандальбуд” быў разгледжаны ў сакавіку 2018 года і задаволены часткова. У “Капіталгандальбудзе”, дзе Еўрарадыё таксама спрабавала атрымаць каментар, тэлефоны не адказваюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі