Забойца лёгкаатлеткі Балыкінай асуджаны на 23 гады зняволення

27/06/2016 - 12:52

Забойца вядомай беларускай лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай асуджаны на 23 гады зняволення. Такое рашэнне вынес 27 чэрвеня Мінскі гарадскі суд. 29-гадовага Дзмітрыя Вішталюка прызналі вінаватым у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК) і ў крадзяжы (ч. 1 арт. 205 КК). Пакаранне ён будзе адбываць у калоніі ўзмоцненага рэжыму, інфармуе БЕЛТА. Раней маці Балыкінай прасіла суд вынесці Вішталюку смяротны прысуд.

Як інфармавала Еўрарадыё, Балыкіна знікла 8 лістапада 2015 года. Цела дзяўчыны праз 8 дзён знайшлі загорнутым у цэлафан і прыкрытае мохам у лесе ў Смалявіцкім раёне. Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы мужчына, яе блізкі знаёмы. Як выявіла следства, Вішталюк здзейсніў злачынства на бытавой глебе —  канфлікт узнік падчас рамонту кватэры спартоўкі. Юліі Балыкінай былі нанесеныя 12 удараў малатком, прычым 11 з іх — па галаве.

Сваю віну Дзмітрый Вішталюк цалкам прызнаў. У момант здзяйснення забойства мужчына быў у стане наркатычнага ап'янення.

Сябар хлопца, падазраванага ў забойстве трэнера: Канфлікт пачаўся з-за рамонту

Фота: bild.de

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі