Ярмошына распавяла, калі ў Беларусі пройдуць наступныя выбары

28/11/2016 - 11:55

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла, калі ў Беларусі пройдуць наступныя выбары. У эфіры праграмы "Актуальны мікрафон" Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё яна паведаміла, што выбары ў мясцовыя саветы павінны прайсці не пазней за сярэдзіну лютага 2018-га, а выбарчая кампанія мусіць стартаваць у сярэдзіне лістапада 2017 года, інфармуе БЕЛТА.

Ярмошына выказалася наконт магчымасці сумяшчэння выбараў у нашай краіне. Яна спаслалася на пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, які "ўсё ж такі лічыць несумяшчальнымі выбары, напрыклад, парламенцкія і прэзідэнцкія, — напэўна, таму што гэта галоўныя выбарчыя кампаніі". Старшыня ЦВК мяркуе, што з мясцовымі выбарамі можна сумяшчаць парламенцкія. Але Лідзія Ярмошына не лічыць гэтае пытанне прынцыповым. Для яе галоўнае, каб выбары адбываліся своечасова і каб людзі "давяралі тым, каго яны выбралі".

Што да прапановы працягнуць дэпутацкія паўнамоцтвы на 1-2 гады, то старшыня ЦВК адносіцца да яе пазітыўна, паколькі ў нашай краіне "і так невялікія тэрміны ратацыі для ўсіх інстытутаў ўлады". Ярмошына лічыць, што павелічэнне тэрміну будзе толькі садзейнічаць стабільнасці ўлады.

Як паведамляла Еўрарадыё, нядаўна Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала змены праз рэферэндум у Канстытуцыю Беларусі, паводле якіх тэрмін прэзідэнцтва павялічваецца з 5 да 7 гадоў, тэрміны дэпутатаў усіх узроўняў — з 4 да 5 гадоў, адбываецца пераход на прапарцыйна-мажарытарную сістэму.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі