Жанчына чытае газету / LookByMedia
Беларускія мігранты ва ўзросце больш за 45 гадоў часта пераязджаюць у Польшчу з вялікім прафесійным досведам, высокай кваліфікацыяй і шматгадовым стажам. Аднак у новай краіне ім не заўсёды ўдаецца цалкам рэалізаваць свой патэнцыял. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі платформы “Кантрапункт”, якія вывучылі, як вымушаная міграцыя ўплывае на кар’еру беларусаў сярэдняга і старэйшага веку.
Паводле звестак, прыведзеных у даследаванні, вышэйшую адукацыю маюць ад 62% да 79% беларускіх мігрантаў у Польшчы — у залежнасці ад крыніцы даных. Многія з тых, каму цяпер за 45, пераехалі пасля 2020 года на піку сваёй кар’еры. За плячыма ў іх былі 20–30 гадоў працы, кіраўнічы досвед, прафесійная рэпутацыя і наладжаныя кантакты.
Аднак у эміграцыі гэты капітал часта выкарыстоўваецца толькі часткова. Нават калі чалавек працягвае працаваць па спецыяльнасці, ён можа страціць ранейшую пасаду, магчымасць самастойна прымаць рашэнні або значную частку заробку.
Напрыклад, вядомы беларускі рэаніматолаг і кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка ў Польшчы працуе тэрапеўтам. Сваю новую прафесійную ролю ён параўноўвае з магчымасцю граць толькі “другую скрыпку” замест таго, каб, як раней, дырыжыраваць аркестрам.
Іншая ўдзельніца даследавання, акушэрка-гінекалагіня са шматгадовым стажам, пасля пацвярджэння кваліфікацыі працуе лекарам агульнай практыкі, бо яе вузкая спецыялізацыя пакуль не прызнана цалкам.
Падобныя сітуацыі сустракаюцца і па-за медыцынай. Былая кіраўніца грамадскай арганізацыі ў Польшчы заснавала новую суполку і ўзначаліла яе, але адначасова мусіла зарабляць на жыццё прыбіраннем.
Паэт і педагог Сяргей Сыс працуе ў Вільні ў сферы клінінгу, але лічыць сябе рэалізаваным, бо можа выкарыстоўваць на гэтай працы свае менеджарскія навыкі і ўменне арганізоўваць каманду.
Даследчыкі адзначаюць, што галоўная праблема эмігрантаў старэйшых за 45 гадоў, — не ўзрост сам па сабе, а высокая цана прафесійнага перазапуску. Моўны бар’ер, неабходнасць пацвярджаць дыпломы і адсутнасць мясцовых прафесійных кантактаў ускладняюць адаптацыю незалежна ад узросту.
Аднак калі ў маладым узросце некалькі гадоў працы на пасадзе ніжэйшай за сваю кваліфікацыю яшчэ можна кампенсаваць, то ў 50–55 гадоў пачынаць кар’еру амаль з нуля значна складаней.
Аўтары даследавання — Ірына Сідорская, Дзмітрый Нікановіч і Ксенія Мартул — падкрэсліваюць, што беларускім мігрантам не бракуе ініцыятывы, здольнасці вучыцца або самастойна вырашаць праблемы. Пытанне ў тым, ці здольна прымаючая краіна распазнаць і выкарыстаць ужо набытыя імі кампетэнцыі.
Замест падыходу, пры якім мігранта разглядаюць як чалавека, якога трэба навучыць усяму нанова, даследчыкі прапануюць арыентавацца на яго прафесійны капітал. Для гэтага патрэбны механізмы, якія дазволяць хутчэй прызнаваць кваліфікацыю, улічваць папярэдні досвед і дапамагаць людзям знаходзіць працу, якая адпавядае іх рэальным магчымасцям.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут