"Пункты нязломнасці" ў Кіеве мінулай зімой / ДСНС Украіны
Дэмакратычныя сілы Беларусі запускаюць кампанію "Цяпло для Украіны". У яе рамках будуць збіраць сродкі на куплю і дастаўку абсталявання для дапамогі ва ўмовах энергетычнага крызісу, выкліканага ўдарамі Расіі па энергетычнай інфраструктуры. Пра гэта паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай (ОСТ).
Дапамагаюць у гэтай кампаніі арганізуецца польскія і ўкраінскія партнёры — Fundacja Demokracja, арганізацыя "Еўрамайдан" (Польшча) і Stand with Ukraine.
На першым этапе беларускія арганізацыі плануюць узгадніць з польскімі партнёрамі план дзеянняў, тэрміны, парадак збору сродкаў і лагістыку. Закупкай і дастаўкай абсталявання зоймуцца пераважна польскія арганізацыі, якія маюць адпаведны досвед.
Рэквізіты для ахвяраванняў ды іншыя падрабязнасці для ўдзелу ў кампаніі будуць апублікаваныя пасля ўзгаднення з партнёрамі.
Расія актывізавала ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны напярэдадні зімовых халадоў. Кіраўнік Кіева Віталь Клічко заклікаў гараджан на зіму па магчымасці пакінуць украінскую сталіцу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут