Як улады 20 гадоў запар адмаўляюць у рэгістрацыі новых партый

09/11/2020 - 13:50

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі зʼявілася як мінімум пяць ініцыятыў па стварэнні партый. Як мінімум у дзвюх з іх — праўладнай "Белай Русі" ды інтэграцыйнага "Саюза" — ёсць рэальныя шанцы атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі ўжо да канца 2020 года.

Гэта значыць, што ўпершыню за апошнія 20 гадоў у Беларусі зʼявяцца новыя партыі. З 2000-га гэта не атрымлівалася ні ў кога! Мы вырашылі прыгадаць, як і чаму ўлады ўвесь гэты час адмаўлялі партыям у рэгістрацыі.

Сапраўды ніводнай партыі за 20 гадоў?

Так, апошняя партыя была зарэгістравана ў Беларусі 20 гадоў таму. Нават вядомая дата гэтай гістарычнай падзеі: 28 лютага 2000 года. Пашанцавала тады Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ.

Партыя функцыянуе і сёння. КХП-БНФ ладзіць шэсці ў Курапаты ды іншыя. А кіраўнік партыі Зянон Пазняк рэгулярна каментуе падзеі ў Беларусі.

Разам з КХП-БНФ у Беларусі на сёння зарэгістраваныя 15 партый. Але ж увосень па загадзе Аляксандра Лукашэнкі Мінюст пачаў працэс перарэгістрацыі. Відавочна, нехта можа страціць свой статус.

Не той міжрадковы інтэрвал

Прычыны, з якіх міністэрства не пагаджаецца рэгістраваць партыі ці абʼяднанні, бываюць розныя, час ад часу — вельмі дзіўныя.

Спроба №…

Рэкорд па колькасці спроб атрымаць рэгістрацыю, найхутчэй, належыць аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД)". Ёй адмовілі сем разоў. Прычыны апошняй адмовы: адсутнасць дамашніх ці працоўных нумароў, а таксама памылкі ў датах нараджэння некалькіх заснавальнікаў.

Асобна адмаўлялі ў рэгістрацыі абʼяднанню "Маладыя хрысціянскія дэмакраты", якое створана пры БХД. Адна з прычын — няправільнае выкарыстанне двукосся ды вялікая літара ў слове "хрысціянскія".

Некалькі разоў спрабавала зарэгістравацца і абʼяднанне "Гавары праўду". Аднойчы чыноўнікі палічылі некарэктнай мэту арганізацыі: "Садзейнічанне пабудове ў Беларусі дэмакратычнай, прававой, сацыяльнай дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці, народнай гаспадаркі, умацаванню патрыятычных традыцый беларускага народа". Легалізаваліся ГП аж з сёмай спробы — у якасці "даследча-асветніцкага грамадскага аб’яднання".

Праваабаронцы без рэгістрацыі і СМС

Праваабарончы цэнтр "Вясна" быў пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003 годзе. Пасля гэтага тройчы рабілася спроба зарэгістраваць цэнтр "Наша Вясна". Але кожны раз гэта канчалася адмовай

Чатыры разы (2003, 2004, 2005 і 2009) актывісты спрабавалі зарэгістраваць у краіне Партыю свабоды i прагрэсу. Няўдала. 

Не атрымалася зарэгістраваць сваю партыю "Народная Грамада" і ў Міколы Статкевіча.

Створаны былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам рух "За Свабоду" змог атрымаць рэгістрацыю толькі з чацвёртай спробы — як "праваабаронча-асветніцкае грамадскае абʼяднанне".

Увесну 2020 года трэцюю адмову ў рэгістрацыі атрымалі ахвотныя зарэгістраваць у Беларусі "Несмяротны полк".

А навошта ўвогуле ўсе так хочуць зарэгістраваць партыю?

Як мы бачым, зарэгістраваць партыю ў Беларусі амаль немагчыма, а грамадскае абʼяднанне — вельмі складана. Але ж гэта было патрэбна, каб працаваць у прававым полі. Бо да 2018 года ў Крымінальным кодэксе існаваў сумна вядомы артыкул 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), па якім каралі апазіцыйных актывістаў. Цяпер яго няма, але ёсць яго “адпаведнік” у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Максімальная санкцыя там — штраф 50 базавых велічынь (цяпер гэта 1350 рублёў).

Быць сябрам зарэгістраванай партыі нашмат цікавей, чым удзельнічаць у працы незарэгістраванай. Юрыдычная асоба, магчымасць арганізоўваць мерапрыемствы, выдаваць свае газеты і г. д. — пераваг шмат.

Але цяпер галоўнае палягае ў іншым. Апошнім часам кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына некалькі разоў выказвалася на карысць пераходу ад мажарытарнай сістэмы на выбарах у парламент да прапарцыйнай ці да змешанай. Пра тое ж казаў і дэпутат Алег Гайдукевіч, і іншыя палітыкі, блізкія да ўладаў. 

Не выключана, што гэты пераход будзе здзейснены разам з анансаванай Лукашэнкам рэформай Канстытуцыі. Мяркуючы па яго словах, у новай рэдакцыі асноўнага закона ўлада ў краіне будзе пераразмеркаваная ад прэзідэнта да ўрада і парламента. А гэта, разам з прапарцыйнай сістэмай, азначае, што роля палітычных партый у беларускім грамадстве істотна ўзрасце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі