"Ваенна-палітычная катастрофа": Стралкоў палае і бамбіць ад няўдач войскаў РФ

15/07/2022 - 18:23

Бягучая сітуацыя на фронце яўна засмучае расійскага баевіка Ігара Стралкова (Гіркіна), аднаго са стваральнікаў так званых "Л/ДНР". У сваіх выступах ён катком праходзіцца па бяздарным расійскім камандаванні, бядуе наконт нястачы вайсковай тэхнікі, крытыкуе тактыку войскаў РФ і прадракае сумны фінал уварванню расіян ва Украіну.

У чарговым стрыме ён і яго суразмоўнік Максім Клімаў, капітан трэцяга рангу ў запасе, гавораць пра актуальную абстаноўку тэатра ваенных дзеянняў. Тое, што яны агучваюць, зусім не падобна да бадзёрых рапартаў расійскага Мінабароны.

Стралкоў і Клімаў у часе стрыму, 14 ліпеня 2022 года / brighteon.com

Пра важнасць рэактыўнай сістэмы залпавага агню HIMARS

Стралкоў: У жніўні яны [ўкраінцы] атрымаюць тактычныя ракеты з далёкасцю палёту 300–500 кіламетраў, што фактычна цалкам нівелюе нашу перавагу ў крылатых ракетах. Праціўнік зможа наносіць удары па нашых тылах амаль на такую самую глыбіню, як мы цяпер наносім удары па тылах праціўніка.

Клімаў: Пытанне заключаецца ў першую чаргу не ў РСЗА, а ў вельмі нездавальняючым выкананні цэлага шэрагу мерапрыемстваў з нашага боку. Напрыклад, маскіроўкі, разгрупавання. Таксама ў іх вельмі добра працуе радыётэхнічная разведка. Гэта значыць, нам трэба мець размеркаваную сістэму сувязі, якая дазваляе не вылучацца адпаведным кіраўніцкім структурам.

Працуе РСЗА HIMARS / East News

Стралкоў: Ужо ўвесь інтэрнэт напоўнены фатаграфіямі загінулых камандзіра і яго намеснікаў з 20-й мотастралковай дывізіі. У гэтай дывізіі наогул усё кіраванне "вынеслі", гэта ўжо бескарысна хаваць. А пад Бранкай знаходзіўся камандны пункт [106-й паветрана-дэсантнай дывізіі РФ], які на адным месцы некалькі тыдняў стаяў. Штодня а 18-й гадзіне там праводзілася нарада. Ну і вось роўна а 18-й гадзіне [па камандным пункце 106-й ПДД у горадзе Шахцёрск ударылі "Хаймарсам", у выніку чаго падраздзяленне страціла значную частку афіцэрскага складу]. Пра якую маскіроўку вы гаворыце, калі ў нас у войску масксетак няма?

Загінулы ва Украіне камандзір Валгаградскай 20-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі палкоўнік Аляксей Гарабец. Яго ўдалося ідэнтыфікаваць толькі па ДНК / bloknot-volgograd.ru

Пра ўдары, нанесеныя "Хаймарсамі" па расійскіх складах боепрыпасаў

Стралкоў: Я так разумею, што гэтыя склады яўна не былі лішнімі і не былі створаныя проста так.

Клімаў: З'явіўся "снарадны голад". Ён будзе кампенсаваны, таму што ёсць адкуль везці. Але тут ёсць іншыя наступствы. У людзей ужо ёсць асцярогі знаходзіцца блізка са снарадамі.

Стралкоў: Не кажучы пра тое, што склад — гэта не проста гара скрыняў, гэта яшчэ і персанал. Ён павінен быць кваліфікаваны. Таму што кладаўшчыкі на такіх аб'ектах павінны ведаць наменклатуру ўсяго, што ў іх знаходзіцца, і ўмець ёй распарадзіцца. Склад — гэта дзясяткі людзей. Наколькі я разумею, знішчыўшы каля паўтара дзясяткаў такіх складоў, украінцы ў тым ліку знішчылі значную частку людзей, якія абслугоўвалі склады. А новых трэба прывезці і навучыць.

Выбухі на складзе боепрыпасаў у акупаваным расіянамі горадзе Кадзіеўка Луганскай вобласці / тэлеграм

Пра разгільдзяйства камандавання РФ

Клімаў: Бяром камплекты дадатковай аховы. Тое, што было закуплена па кантрактах 2020–2021 гадоў, апынулася на баявых машынах пяхоты і было прывезена ў зону баявых дзеянняў толькі праз два месяцы, калі ўжо кучу тэхнікі страцілі. Ахвотныя знойдуць масу фатаграфій так званых "бервяноўтаў", калі [войскі РФ] машыны бярвёнамі браніруюць.

З украінцаў смяяліся ў 2014 годзе, а яны рэзка забяспечылі зніжэнне страт. А цяпер глядзім нашы страты, таварышы начальнікі. Супастаўце, колькі людзей магло не загінуць, калі б адпаведныя службовыя асобы проста выканалі б свае функцыянальныя абавязкі.

Тыя самыя расійскія "бервяноўты" / Віталій Уманець / фэйсбук

Стралкоў: У нас многія часці і падраздзяленні, у тым ліку баяздольныя, не маюць наогул ніякай тэхнікі. Напрыклад, адыходзячы з раёна на поўдзень ад Лісічанска, наша пяхота была вымушана 35 кіламетраў тупаць пешшу. Натуральна, праціўнік ад яе адарваўся — ён проста сеў на машыны і з'ехаў. А з калонамі [ўкраінскай тэхнікі] нам змагацца няма чым: наша тактычная авіяцыя баіцца лётаць над лініяй фронту, а беспілотнікаў у нас няма. Ні разведвальных, ні ўдарных.

У расійскім мотастралковым палку, які знаходзіцца на перадавой, на ўвесь полк адзін беспілотнік, і тое набыты валанцёрамі. А ў праціўніка такія беспілотнікі ў кожнай роце.

Калі б у нас у Мінабароны найвышэйшая асоба хоць бы часткова выконвала свае абавязкі (калі яна іх наогул разумее), то мы б не стваралі пацешную армію для бегання па пясках [кантынгент РФ у Сірыі], а стваралі б войска для вайны. Высветлілася, што ў нас для вайны не гатова нічога.

"Прафесіяналізм" нашага міністра абароны, а таксама большасці першых асоб у іншых ведамствах проста не можа адпавядаць цяперашняй сітуацыі ад слова "наогул". Займаліся імітацыяй працы ўсюды.

Клімаў: Мы рэальна стаім на краі прорвы. Наступствы, якія нам пагражаюць у выпадку непрыняцця мер, гэта не проста ваенная параза, а ваенна-палітычная катастрофа, смута. Прычым смута па самалійскім сцэнары.

 

Пра тэракт войскаў РФ у Вінніцы

Гэтая ўкраінка з дачкой — адны з мноства ахвяр расійскага абстрэлу ў Вінніцы 14 ліпеня, які акрамя як словам "тэракт" не назавеш / тэлеграм

Стралкоў: Навошта білі па Доме афіцэраў у Вінніцы, які знаходзіцца ў цэнтры горада побач з адной з самых ажыўленых плошчаў і буйным гандлёвым цэнтрам? Чаму не б'юць па цэнтрах прыняцця рашэнняў, чаму не б'юць па мастах?

Клімаў: Маё меркаванне, што проста ў плане стаяла па кімсьці ўдарыць.

Рэч у тым, што ў нас, па-першае, засталося мала ракет, гэта аб'ектыўна. Каля трох тысяч ракет мы ўжо стрэлілі. Па колькасці выкарыстаных крылатых ракет мы ўжо пераўзышлі ЗША за ўсе іх войны.

У цэлым шэрагу выпадкаў выклікае сур'ёзныя пытанні тое, як і па чым наносіліся ўдары. Дапусцім, у Вінніцы размяшчаліся нацыяналісты. Побач знаходзяцца цывільныя аб'екты, у чым мэтазгоднасць такога ўдару? У нас цалкам ёсць магчымасць "лажыць" [салдат праціўніка] паблізу лініі баявога судакранання. А ўдар у Вінніцы — гэта ўдар у першую чаргу па нас саміх. Першы пытанне — рэакцыя насельніцтва, а другое — гэтая ракета не нанесла ўдар там, дзе ён можа спатрэбіцца.

Стралкоў: Замест гэтага яна [ракета] забіла пэўную колькасць цывільных людзей.

23 чалавекі загінулі ў выніку ўдару расійскай ракеты па Доме афіцэраў у Вінніцы / УНИАН

Пра мабілізацыю і масавыя адмовы ехаць на вайну

Клімаў: Мабілізацыя [расіян] непазбежная. Але яна адбудзецца тады, калі ўсё будзе вельмі дрэнна. Калі хтосьці лічыць, што адседзіцца, — дарэмна так лічыце, закране ўсіх.

Стралкоў: А "пяцісотых" [вайскоўцаў, якія адмовіліся ехаць на вайну] проста велізарная колькасць. У некаторых часцях і злучэннях яна перавышае колькасць тых, хто на фронце. І гэта факт.

 

Што пра становішча на фронце кажуць на Захадзе

— Аператыўная паўза Расіі ў асноўным працягвалася з абмежаванымі наземнымі нападамі расіян па лініі Славянск — Северск — Бахмут, расказвае пра становішча на 14 ліпеня амерыканскі аналітычны цэнтр ISW. — Расійскія войскі працягвалі артылерыйскія абстрэлы, ракетныя абстрэлы і авіяўдары па ўсёй лініі фронту. Рускія, магчыма, хутка пачнуць больш маштабны і рашучы наступ уздоўж лініі Славянск — Северск — Бахмут, але пакуль няма прыкмет таго, як хутка пачнецца гэты наступ або дзе менавіта ён будзе засяроджаны.

Ключавыя высновы — Расія працягнула кампанію сістэматычных нападаў на жылыя кварталы ва ўкраінскіх гарадах, нанёсшы ўдары па Вінніцы, Харкаве і Мікалаеве. Расійскія сілы працягвалі прасоўвацца да Северска, але іх поспехі няясныя. Таксама войскі РФ правялі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Бахмута і Славянска, але не дамагліся поспеху.

Ігара Гіркіна (Стралкова) абвінавачваюць у збітым у небе над Данбасам у 2014 годзе цывільным "Боінгу". Міжнародная следчая група прыйшла да высновы, што пасажырскі авіялайнер быў збіты ракетай "зямля-паветра" з зенітна-ракетнага комплексу "Бук", які належыць курскай 53-й брыгадзе СПА Узброеных сіл Расіі. Запуск быў зроблены з тэрыторыі, якую кантралявалі баевікі так званай "ДНР".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі