У трох раёнах Мінска вада ўжо "адпавядае гігіенічным нормам"

30/09/2024 - 18:25

Праблемы з вадой былі ў трох раёнах сталіцы з 26 верасня / pixabay.com

На 4-ы дзень пасля аварыі ў трох раёнах Мінска вада ўжо "адпавядае гігіенічным нормам". Пра гэта ў панядзелак паведамляе Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Па яго інфармацыі, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы сталіцы сумесна з супрацоўнікамі "Мінскводаканала" правялі праверку якасці вады пасля аварыі на магістральным водаправодзе. Сцвярджаецца, што "па стане на 14:00 30 верасня ўсе адабраныя пробы вады са знешняй сеткі водазабеспячэння адпавядаюць патрабаванням гігіенічных нормаў па даследаваных паказчыках бяспекі, як па хімічным складзе, так і па мікрабіялагічнай бяспецы".

Аварыя на вадаводзе (была пашкоджана труба ў вёсцы Клімавічы Мінскага раёна) здарылася ўвечары 26 верасня. Ужо ўначы водазабеспячэнне аднавілі, але людзі скардзіліся на дрэнную якасць вады. Жыхарам трох раёнаў Мінска (Кастрычніцкага, Заводскага і Ленінскага) Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэкамендаваў выкарыстоўваць для пітных мэтаў, падрыхтоўкі ежы і асабістай гігіены падвозную або бутыляваную ваду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі