База "Крупеніна" / tripadvisor.ru
На таргі выставілі былую рэзідэнцыю Лукашэнкі пад Віцебскам. Цану на яе пакуль яшчэ не назвалі.
Як піша "Віцебская Вясна", гаворка ідзе пра базу адпачынку "Крупеніна". Яна размяшчаецца за 30 км ад Віцебска на беразе возера Бораўна, недалёка ад мяжы Віцебскага і Бешанковіцкага раёнаў.
Збудавалі базу ў 2000 годзе, якраз тут адпачываў Лукашэнка падчас візітаў на фестываль "Славянскі базар". Таксама тут прымалі замежныя дэлегацыі, а пазней — любімых Лукашэнкам артыстаў, якія прыязджалі на той жа "Славянскі базар".
У "Віцебскай Вясне" мяркуюць, што з цягам часу Лукашэнку перастаў задавальняць узровень камфорту ў Крупеніне. Таму з 2014 года на базе размяшчалася рэабілітацыйнае аддзяленне Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра, з а сакавіка 2020-га — аддзяленне рэабілітацыі для асобаў, якія перанеслі COVID-19. Ад снежня 2023 года ўласнікам базы адпачынку было ААТ "БелВітуніфарм", а ў верасні 2025-га яе перадалі ва ўласнасць Віцебска. Цягам года віцебскія ўлады так і не прыдумалі, як можна выкарыстаць маёмасць, таму выставілі яе на таргі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут