Сцяг Малдовы / pixabay.com
Малдова можа ўвесці візы для грамадзян Беларусі і Расіі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Васіле Тофан.
Гэты крок звязаны з намерам Малдовы ўступіць у Еўрасаюз. Для гэтага ёй неабходна прывесці сваю візавую палітыку ў адпаведнасць з еўрапейскімі правіламі.
Малдоўскі прэм'ер не назваў канкрэтныя тэрміны па ўвядзенні віз для беларусаў і расіян.
Агулам мера закране грамадзян 11 краін. Акрамя Беларусі і Расіі ў спіс трапілі Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Катар, Таджыкістан, Турцыя, Узбекістан і Вануату. Цяпер грамадзяне ўсіх гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Малдову без віз.
Гэтыя намеры ўжо раскрытыкаваў лідар партыі сацыялістаў Ігар Дадон — даўні сябар Лукашэнкі. "Я чуў учора на перадачы, як вы сказалі, што хочаце ўвесці візы для Расійскай Федэрацыі, Кітая, Беларусі ды іншых краін. Вы што, сапраўды такія наіўныя, няўжо не разумееце, якімі могуць быць наступствы для грамадзян Малдовы? Мы павінны быць адкрытыя для ўсіх — і на ўсходзе, і на Захадзе", — прыводзіць newsmaker.md ягоныя словы.
Малдова атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС у чэрвені 2022 года. Праз год пасля гэтага краіна афіцыйна пачала перамовы аб далучэнні да Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут