У панядзелак пройдуць суды над некаторымі затрыманымі на Дзень Волі

26/03/2018 - 06:54

У панядзелак, 26 сакавіка, пройдуць суды над некаторымі затрыманымі на Дзень Волі. Паводле звестак праваабаронцаў, у нядзелю ў Мінску і ў рэгіёнах затрымлівалі больш за сто чалавек. Большасць з іх адпусцілі.

Дазволеныя ўладамі вулічныя акцыі прайшлі ў Мінску (каля Опернага тэатру), Гродне, Брэсце, шэрагу іншых гарадоў. Правядзенне несанкцыянаванага шэсця ў сталіцы праваахоўнікі не дапусцілі — правялі “зачыстку” яго патэнцыйных удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа. Як інфармуе Радыё Свабода, у Мінску было затрымана не менш за 62 чалавекі. На частку людзей склалі адміністрацыйныя пратаколы (“удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”, “непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”). Мяркуецца, што большасць спраў будзе разглядацца ў судзе Савецкага раёна. А 12-й гадзіне там пачнуць судзіць Андруся Крэчку.

Не менш за 57 чалавек затрымлівалі ў рэгіёнах, частку з іх — пры спробе выехаць на вулічную акцыю ў Мінск. Некалькі чалавек застаюцца за кратамі да суда.

Як вядома, па ацэнках арганізатараў, на дазволеную ўладамі акцыю каля Опернага тэатру ў Мінску прыйшлі да 50 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі