Ёрг Дорнау / bild.de
У Міжнародны крымінальны суд перададзены зварот наконт дэпутата саксонскага зямельнага парламента ад партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Ёрга Дорнау, уладальніка кампаніі "Цыбулька-Бел".
Адвакаты Ян Вінтэрхальтэр і Фердынанд Моорс у сваім звароце звяртаюць увагу на магчымае здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. Яны просяць суд разгледзець зварот і правесці расследаванне супраць Ёрга Дорнау і "нявызначаных прадстаўнікоў беларускіх уладаў", піша DW.
Раней Дорнау ўжо заплаціў штраф у 20 тысяч еўра за ўтойванне даходаў ад свайго беларускага бізнесу. Дзякуючы СМІ стала вядома, што на плантацыях Дорнау выкарыстоўвалася прымусовая праца палітзняволеных. Аднак нямецкая пракуратура не стала пачынаць справу на яго, бо не пабачыла парушэння законнасці на тэрыторыі Германіі.
"Спадар Дорнау сам не арыштоўвае зняволеных, ён не катуе і не пагражае — гэтым займаюцца беларускія ўлады. Але ён кіруе сваёй кампаніяй, дае ўказанні. Ён нажываецца на пакутах людзей з краіны, якая мяжуе з ЕС", — падкрэслівае Вінтэрхальтэр.
Юрыст па міжнародным праве Кацярына Дзяйкала лічыць, што ў справы няшмат шанцаў. Недзяржаўныя актары могуць звярнуцца ў Офіс пракурора МКС, але ён не абавязаны рэагаваць на такія звароты. Болей шанцаў было б, калі б такія звароты ішлі ў дадатак да ўжо наяўнага расследавання. Так, напрыклад, было ў выпадку з хадайніцтвам Літвы па сітуацыі ў Беларусі, у дадатак да якога праваабаронцы і іншыя актары перадалі дадатковыя звесткі і доказы.
У Германіі супраць Дорнау ідзе расследаванне па абвінавачванні ў абыходзе санкцый ЕС. Паводле звестак следства, дэпутат паставіў у Беларусь тэлескапічны пагрузчык, парушыўшы забарону на экспарт тэхнікі ў Беларусь. У лютым Дорнау пазбавілі дэпутацкага статусу, затрымалі і правялі ператрус дома і ў офісе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут