Трыятланістам, затрыманым у Мінску, далі 15, 15 і 14 сутак

28/06/2021 - 16:04

Раварыстам, затрыманым у суботу, 26 чэрвеня, на Мінскім трыятлоне, 28 чэрвеня вынеслі прысуды. Двое хлопцаў атрымалі на 15 сутак, трэці — 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

Таксама ім вынесеная забарона на наведванне спартыўных пабудоваў тэрмінам на 1 год. Звычайна так караюць спартовых заўзятараў, якія хуліганяць на арэнах. Трыятланістам такое пакаранне далі за словы "Жыве Беларусь!", "Жыве!" і "дызлайк" — апушчаны ўніз вялікі палец — у бок калоны раварыстаў-сілавікоў пад дзяржаўнымі сцягамі.

Арцёма КазімірчыкаАляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку затрымалі наўпрост падчас велаэтапу Мінскага трыятлона. Аднаго з іх сілавік груба скінуў з ровара на зямлю. Усе тры затрыманні трапілі на відэа.

У суботу і нядзелю сваякам адмовілі ў магчымасці перадаць хлопцам хаця б вопратку. Трыятланісты паехалі ў ізалятар у "веласіпедках", у якіх удзельнічалі ў спаборніцтвах.

Гэта не першы выпадак затрымання мінскіх веласіпедыстаў падчас гонкі. 16 мая АМАП забраў у Мінску не менш за 10 веласіпедыстаў, якія ўдзельнічалі ў заездзе вакол Цнянскага вадасховішча. Усё пачалося з затрымання хлопца ў футболцы з Лукашэнкам. Астатнім удзельнікам гонкі сказалі нешта накшталт: "Катацца далей, але без палітыкі" — яго ў выніку пакаралі 15-ю суткамі арышту, а пазней ён стаў фігурантам крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі