Суд над студэнткай, падпісанай на "экстрэмісцкія" каналы, доўжыўся тры хвіліны

26/10/2021 - 11:56

У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч, паведамляюць праваабаронцы. Суддзя Аляксандр Зінчук разглядзеў справу Яніны па арт. 19.11 КаАП за тры хвіліны.

Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Раніцай 25 кастрычніка Яніну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Пасля гэтага бацькам Яніны прыйшло паведамленне з невядомага нумару: "Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе Навабеліцкага раёна". У судзе бацькі даведаліся, што Яніну затрымалі за падпіску на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. На судовае паседжанне іх не пусцілі.

Па словах бацькоў, суд па справе іх дачкі доўжыўся тры хвіліны. Суддзя Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай у распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. Дзяўчына атрымала 15 сутак, свой арышт яна будзе адбываць ў гомельскім ІЧУ.

У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы нібыта за падпіску на "экстрэмісцкія" каналы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі