Суд адхіліў іск былога міліцыянера Ігара Вусіка да міністра Ігара Шуневіча

28/06/2017 - 09:45

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адхіліў іск былога міліцыянера Ігара Вусіка да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Ён хацеў, каб яго аднавілі на працы, адмянілі спагнанне, выплацілі заробак, страчаны з прычыны вымушаны прагулаў і заплацілі кампенсацыю маральнай шкоды (10 тысяч рублёў). Як інфармуе Радыё Свабода, Шуневіч у суд не прыйшоў, прыслаў сваіх прадстаўнікоў. У судзе быў начальнік крычаўскай міліцыі Станіслаў Чупрын. Міліцыянеры ад міравога пагаднення з Ігарам Вусікам адмовіліся — ён быў згодны адмовіцца ад іска да Шуневіча, калі зменяць фармулёўку загаду аб яго звальненні.

Падпалкоўнік Вусік служыў у Крычаўскім РАУС начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Яго звольнілі ў траўні пасля з’яўлення ў СМІ калектыўнага ліста крычаўскіх міліцыянераў да міністра ўнутраных спраў. Яны распавялі пра парушэнні іх правоў, пра існуючыя парадкі ў РАУС, нібыта, для начальніка РАУС міліцыянеры збіралі грошы са сваіх прэмій. Яны папрасілі правесці праверку злоўжыванняў кіраўніцтвам РАУС.

Вусік назваў рашэнне суда несправядлівым, яго ён збіраецца абскардзіць у Мінскім абласным судзе.

Ігар Вусік. Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі