Стала вядома, за што Мінінфарм вынес папярэджанне сайту "Віцебскі кур'ер"

12/01/2017 - 12:02

Стала вядома, за што сайт "Віцебскі кур'ер" атрымаў папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Як паведамляла Еўрарадыё, папярэджанне чыноўнікі вынеслі акурат напярэдадні Новага года — 26 снежня 2016-га.

Нагодай стаў артыкул "За што забіраюць дзіця з добрай сям'і?", паведамляе сайт nash-dom.info. У ім апісваліся пяць выпадкаў, калі дзяцей забіралі з сем'яў па нязначных, на думку журналіста, прычынах.

Чыноўнікам Мініфарма не спадабалася, што ў артыкуле пад сумнеў ставіліся дзеянні чыноўнікаў дзяржаўных органаў сацыяльнай апекі. На іх думку, у тэксце "змяшчаецца недакладная інфармацыя, якая можа нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, які палягае ў масавай дэзінфармацыі насельніцтва, падрыве аўтарытэту органаў дзяржаўнага кіравання".

Мінінфарм запатрабаваў ад уладальніцы сайта Вольгі Карач выправіць указаныя парушэнні на працягу 24 гадзін.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі