Следчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за збіццё брэсцкага журналіста

26/07/2017 - 10:23

Следчы камітэт не знайшоў падставаў для таго, каб пачаць крымінальную справу па факце збіцця рэдактара сайта “Рэальны Брэст” Дзяніса Марука, перадае прэс-служба БАЖ

Як распавядала Еўрарадыё, на адным з вясновых мітынгаў "недармаедаў" журналіст паказаў непрыстойны жэст чалавеку ў цывільным. Як выявілася пазней, гэта быў пераапрануты міліцыянт. Пазней за гэтае правапарушэнне Марука пакаралі штрафам у дзве базавыя велічыні. 

Таксама міліцыянты неаднойчы выклікалі Марука "на размову" пасля выхаду на сайце рэпартажа пра "марш недармаедаў" у Брэсце. 28 сакавіка мужчына прыйшоў у міліцыю па іншых справах і быў затрыманы. 

Журналіст кажа, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС білі яго галавой аб сцяну, кінулі на падлогу, спрабавалі сталовай лыжкай расціскаць зубы, каб забраць схаваную ім флэш-карту.

Пасля гэтага Марук зафіксаваў пабоі і хацеў, каб пакаралі міліцыянтаў, якія збілі яго ў пастарунку. Следчы камітэт амаль тры месяцы разглядаў яго заяву і нарэшце даў адказ, што няма падставаў заводзіць справу.

“З адказу вынікае, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закона, а ўсталяваныя ў Ленінскім РАУС відэакамеры не зафіксавалі фактаў майго збіцця", — журналіст. Марук адзначае, што апошнім часам следчыя вельмі цікавіліся падрабязнасцямі яго судова-медычнай экспертызы: яны былі схільныя разглядаць версію, быццам мужчына сам сабе нанёс пашкоджанні і зрабіў ілжывы данос на супрацоўнікаў міліцыі. Аднак у выніку на яго справу таксама вырашылі не пачынаць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі