СК скончыў расследаваць справу супраць кіраўніцтва прыватнай школы "Смарт Скул"

15/02/2024 - 07:22

Школа "Смарт скул" /  smart-s.info

Завершанае расследаванне крымінальнай справы супраць кіраўнікоў прыватнай мінскай школы "Смарт Скул", паведамляюць у Следчым камітэце. Справу завялі паводле артыкула "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры" (ч. 4 арт. 209).

Фігурантамі па гэтай справе праходзяць заснавальнік школы, прадстаўніца кіраўніцтва і іншыя асобы, якія, паводле СК, "у перыяд з ліпеня 2021 да жніўня 2022 шляхам наўмыснага ўвядзення бацькоў навучэнцаў у зман [...] завалодалі грашовымі сродкамі, пералічанымі за навучанне дзяцей". Паводле версіі следства, грошы не выкарыстоўваліся ў адукацыйных мэтах, не ішлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы і выплату заробкаў, а выводзіліся "на рахункі падкантрольных суб'ектаў гаспадарання".

У СК кажуць, што ў 2020–2023 навучальных гадах у "Смарт Скул" афіцыйна прынялі не больш за 25 навучэнцаў 1–4 класаў. Пры гэтым у 2021–2022 навучальным годзе тут без залічэння вучылася, "хаваючы гэта ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады", больш за 600 дзяцей. Гэта былі навучэнцы і малодшай, і старэйшай школы.

Паводле версіі СК, дзеці атрымлівалі праз зум кансультацыйныя і рэпетытарскія паслугі. А ў школе заняткі праводзіліся "ў памяшканнях, якія не адпавядаюць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням". "Такім чынам, значная колькасць няпоўнагадовых абавязковую адукацыйную праграму на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не асвойвала цягам доўгага часу", — кажуць у Следчым камітэце.

Акрамя таго, у "Смарт Скул" не было падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, выніковыя адзнакі за чвэрць выстаўляліся "без фактычнага засваення слухачамі адпаведнай адукацыйнай праграмы", лічаць у СК. Не было штатнага раскладу, большасць настаўнікаў лічылася ў якасці педагогаў дадатковай адукацыі або былі зарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі. Некаторыя і зусім вялі ўрокі без афармлення працоўных адносін. Нанесеную шкоду ў СК ацанілі ў суму большую за мільён рублёў.

Нагадаем, цікавасць да "Смарт Скул" у сілавікоў узнікла пасля інцыдэнту, які адбыўся ў школе восенню 2022 года. Адна са школьніц атрымала траўму вока. На інцыдэнт адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка загадаў сакратару Савета Бяспекі Аляксандру Вальфовічу "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі". Дырэктарка школы тады апраўдвалася, што ў іх школе няма антыдзяржаўнай палітыкі, бо "сузаснавальнік школы — былы работнік Упраўлення справамі прэзідэнта". Акрамя таго, "мы адна з нямногіх школ, хто на першае верасня падняў дзяржаўны сцяг і ўключыў гімн дзяржавы, а наш ідэолаг — палкоўнік у запасе". Але менавіта пасля інцыдэнту ў "Смарт Скул" пачалася зачыстка прыватных школ у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі