Саакашвілі ў адкрытым лісце заклікаў Парашэнку да адстаўкі

20/12/2017 - 07:02

Лідар украінскага "Руху новых сіл" Міхаіл Саакашвілі звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнта краіны Пятра Парашэнкі. Тэкст ліста палітык абнародаваў у Фэйсбуку. 

У сваім лісце ён пацвердзіў, што пісаў асабістую запіску Парашэнку і прапаноўваў перамовы. Тэкст ліста Саакашвілі апублікаваў на старонцы ў Facebook.

"Нашы адносіны пачыналіся як сяброўскія. Але сёння дасягнулі стану, калі мы з вамі знаходзімся па розныя бакі барыкад. Не толькі палітычных, але, я б нават сказаў, светапоглядных. І я разумею, што гэта ліст наўрад ці нешта зменіць у нашых адносінах", — канстатуе Саакашвілі.

Па яго словах, ён хацеў дамаўляцца з Парашэнкам "пра далейшы лёс Украіны і пра недапушчэнне дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне". На думку Саакашвілі, палітычны крызіс прывёў Украіну на грань сур'ёзных драматычных падзей, якіх ён хацеў бы пазбегнуць. Тое, што адміністрацыя прэзідэнта апублікавала ліст, кажа Саакашвілі, сведчыць пра адсутнасць гонару. 

Падзеі пад Кастрычніцкім палацам, дзе пацярпелі людзі, лідар "Руху новых сіл" называе правакацыяй з боку ўлады, але гатовы несці за іх палітычную адказнасць.

Саакашвілі заклікаў Парашэнку сысці добраахвотна ў адстаўку. На яго думку, гэта апошні шанец пераадолець палітычны крызіс. "Прэзідэнт, які добраахвотна сышоў у адстаўку, схіліўшы галаву перад воляй народа, можа разлічваць на змякчэнне пакарання і памілаванне", — напісаў Саакашвілі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі