"Раскосмас" залічыў Марыну Васілеўскую ў касмічныя турысткі

16/04/2024 - 17:58

Марына Васілеўская / sb.by

Нягледзячы на палёт у космас беларуску Марыну Васілеўскую наўрад ці можна залічваць у прафесійныя касманаўткі. Такую выснову зрабілі журналісты сайта "Зеркало", вывучыўшы сайт "Раскосмасу".

Перад палётам на Міжнародную касмічную станцыю Васілеўская доўгі час трэніравалася ў Цэнтры падрыхтоўкі прафесійных касманаўтаў "Раскосмасу". Інфармацыя пра гэта дагэтуль ёсць на сайце ўстановы.

У спісе чальцоў экіпажа ЭП-21 насупраць прозвішча Васілеўскай стаіць абрэвіятура УКП, што азначае "ўдзельнік касмічнага палёту". Такая ж абрэвіятура — насупраць імя яе дублёркі Анастасіі Лянковай. Пасада Алега Навіцкага расшыфроўваецца як "камандзір экіпажа", а Дайсан Трэйсі — "бортінжынер экспедыцыі МКС".

Абрэвіятуру УКП "Раскосмас" выкарыстоўвае для абазначэння касмічных турыстаў. Напрыклад, у траўні 2021-га на МКС ляталі акторка Юлія Перасільд і рэжысёр Клім Шыпенка. Паведамлялася, што яны "ўдзельнікі касмічнага палёту для здымак эпізодаў мастацкага фільма пад працоўнай назвай "Выклік". У снежні таго ж года пры запуску ракеты-носьбіта "Саюз-2.1а" у склад экіпажа ўваходзілі касманаўт "Раскосмасу" Аляксандр Місуркін і два ўдзельнікі касмічнага палёту — японскі прадпрымальнік Юсаку Маэзава і яго памочнік Ёза Хірана. Паведамлялася, што яны "сталі адпаведна восьмым і дзевятым турыстамі, якія наведалі МКС".

У 2001 годзе краіны — партнёры МКС прынялі дакумент, у якім вызначаюць дакладнае размежаванне паміж прафесійнымі касманаўтамі і тымі, хто прымае ўдзел у палёце з іншымі мэтамі. У ім гаворыцца, што прафесійны касманаўт — гэта чалавек, які прайшоў афіцыйны адбор і атрымаў адпаведную кваліфікацыю ў касмічным агенцтве адной з краін — партнёраў МКС і які працуе ў штаце гэтага агенцтва. Яго падрыхтоўка займае некалькі гадоў.

А ўдзельнікі касмічнага палёту — прыватныя асобы, якіх спансуе адзін ці некалькі партнёраў. У адрозненне ад прафесійных касманаўтаў іх падрыхтоўка доўжыцца не гады, а месяцы.

У дамове аб МКС таксама гаворыцца, што ўдзельнікамі касмічнага палёту могуць быць не толькі турысты, але і інжынеры, навукоўцы, выкладчыкі, кінематаграфісты, журналісты, "удзельнікі камерцыйных, навуковых і іншых праграм", а таксама чальцы касмічных агенцтваў з дзяржаў, якія не з'яўляюцца краінамі — партнёрамі МКС.

Аднак Васілеўская не з'яўляецца навукоўцам (яна завочна вучылася на менеджара-эканаміста), таксама яна не займалася яна ні інжынернай справай, ні выкладаннем, ні кінематографам, ні журналістыкай. Застаюцца толькі турысты і чальцы касмічных агенцтваў.

Між тым за палёт у космас Васілеўскую прызналі першай касманаўткай незалежнай Беларусі, узнагародзілі званнем Героя Беларусі і ордэнам Гагарына. Таксама рыхтуецца помнік ёй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі