Чытаць болей: Жыхары КНДР могуць замяніць беларусаў на рынку працы? Запыталі эканамістку
Тым не менш, калі абмены студэнтамі пачнуцца, у беларусаў відавочна ўзнікнуць праблемы з карэйскай мовай, якую так проста хутка не вывучыш. У самой Паўночнай Карэі, як не дзіўна, вывучэнне замежных моў пастаўлена на даволі добры ўзровень — у тым ліку вывучэнне рускай мовы.
Як бы ні было дзіўна, але Беларусі сапраўды ёсць што пазычыць у гэтай краіны. Вядома, што кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын скончыў школу ў Швейцарыі. Як ён там вучыўся — іншая справа, але досвед некалькіх гадоў жыцця ў адной з самых развітых краін свету на яго паўплываў.
Па-першае, Паўночная Карэя рэалізавала некалькі праграм у галіне адукацыі. Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя яна паставіла сабе задачу стварыць інтэлектуальнае войска — вялікі корпус навукоўцаў, інжынераў і тэхнічных спецыялістаў колькасцю каля мільёна чалавек.
Па-другое, у 2012 годзе была пастаўлена задача пабудаваць “эканоміку ведаў” [сістэма, дзе развіццё краіны заснавана на адукацыі, навуцы і тэхналогіях. — Еўрарадыё].
Лукашэнка загаварыў пра яе толькі праз некалькі гадоў.
У многім сістэма адукацыі Паўночнай Карэі больш прасунутая, чым у Беларусі. Тут варта адзначыць, што ў апошнія гады ўлада знішчыла практычна ўсю прыватную адукацыю ў Беларусі. Фактычна ў краіне засталося некалькі прыватных школ і ўніверсітэтаў, якія, як кажуць, “дыхаюць на ладан”.
Яшчэ большае дзіва, але ў Паўночнай Карэі ёсць прыватны ўніверсітэт вельмі высокага ўзроўню — элітарная ўстанова, якая нават падтрымлівае кантакты з заходнімі дзяржавамі.
Таму, канешне, ёсць на што паглядзець. Але што аб’ядноўвае Беларусь і Паўночную Карэю — гэта катастрафічнае становішча акадэмічнай свабоды, якой у Паўночнай Карэі яшчэ менш, чым у Беларусі. Калі паглядзець на рэйтынгі паўночнакарэйскіх універсітэтаў, яны значна ніжэйшыя за беларускія.
— Ці можа студэнцкі абмен быць прапагандысцкай спробай паказаць Беларусь свабоднай хаця б праз прызму ўражанняў паўночнакарэйскай моладзі і навучыць беларускіх студэнтаў шанаваць сваё?
— Ёсць адчуванне, што сёння нашы дыктатуры развіваюцца ў розных кірунках. Калі Лукашэнка працягвае “зашрубоўваць гайкі” і будаваць еўрапейскую Паўночную Карэю ў Беларусі, у самой Паўночнай Карэі гайкі патрошку адшрубоўваюць.
Паказальны прыклад: ужо было некалькі спроб беларускіх улад разабрацца з рэпетытарствам — нібыта гэта непадкантрольная сфера адукацыі, і навошта рэпетытары, калі ў нашай сістэме адукацыі ўсё добра. У Паўночнай Карэі пры ўсёй камуністычнасці рэжыму ёсць прыватны сектар: людзі з грашыма ўкладваюць іх у адукацыю сваіх дзяцей.
Так што няхай студэнты паглядзяць. Зразумела, што для паўночнакарэйскіх студэнтаў Беларусь будзе выглядаць як аазіс свабоды: тут ёсць доступ да інтэрнэту, адкрыты бібліятэкі, ёсць магчымасць атрымліваць інфармацыю. У Паўночнай Карэі доступ да бібліятэк вельмі абмежаваны. Карацей, будзе цікавы досвед.
Але і для беларускіх студэнтаў гэта магчымасць убачыць, што можа стаць з краінай, калі патрыятычнае выхаванне даводзіцца да абсалюту.