Беларусам у эміграцыі прыходзяць паведамленні ад КДБ / Euroradio
“Пішу вам з Мінска”, “Разумееце, адкуль турбуць?” — такія паведамленні цягам апошніх некалькіх гадоў прыходзяць беларускім актывістам за мяжой у Telegram, Facebook ці Viber.
Калі ў Беларусі актывістаў маглі забіраць на допыты праз затрыманні ці павесткі ў рамках заведзеных спраў наўпрост у аддзяленнях, то, у выпадку калі яны знаходзяцца за мяжой, адзіным спосабам дацягнуцца з’яўляецца менавіта спроба перапіскі.
“Заходзяць” у яе спакойна, звяртаючыся па імені, ствараючы бачнасць нармальнага дыялогу. Далей — як пойдзе: самае лепшае — ігнараваць, але тады невядомыя могуць пачаць псіхалагічна ціснуць і маніпуляваць, каб кантакт усё ж адбыўся.
У гэтым тэксце Еўрарадыё разглядае два выпадкі ад палітычных актывістаў: калі ігнор спрацаваў і калі службы даціснулі праз бацькоў.
Да палітычнай актывісткі ў замежжы Насты [імя зменена. — Еўрарадыё] службы пачалі грукацца ў розных сацсетках ужо ў 2023 годзе. Звычайна гэта былі тэксты кшталту: “Добры дзень, я прадстаўляю Рэспубліку Беларусь, мы зацікаўлены ў тым, каб вы вярнуліся ў краіну”. Толькі на пачатку верасня 2025 года Фэйсбук-акаўнт з Чэхіі, які грукаўся шмат да каго ў сябры, даслаў персаналізаванае паведамленне з гумарам.
Наста праігнаравала яго, але пасля, напрыканцы кастрычніка, сілавікі прыйшлі да бацькоў на працу ў Беларусі.
— Мне ад маці прыходзіць паведамленне ў Тэлеграме з тэкстам: “Дарагая дачка, ці магла б ты ў такі-та дзень у такі-та час стэлефанавацца са мною, каб абгаварыць сямейныя справы?”. Я падумала, што або здарылася нешта вельмі дрэннае, або прыйшла гэбня, якая хоча са мною паразмаўляць. Канешне, я пагадзілася.
Калі прышоў умоўлены час, яны стэлефанаваліся. Напачатку гаворка ішла пра жыццёвыя рэчы.
— А потым яна кажа, што знаходзіцца з людзьмі, якія вельмі хочуць са мной паразмаўляць. Я адразу запытваю, ці пагражаюць ёй. Яна сказала, што сядзіць з імі. То-бок такі выпадак, што не стае адмаўляцца. І я пагадзілася.
Ён прывітаўся, назваўся (у мяне, праўда, няма магчымасці яго праверыць). І ён кажа, маўляў, адбываюцца пэўныя змены ў палітычным жыцці дзяржавы, і мы б вельмі хацелі, каб моладзь вярталася на Радзіму, бачым, што вы шчыра хочаце дабра для Беларусі, маўляў, іншыя гэта робяць за грошы. А я яму кажу, што вы ж гэта таксама за грошы робіце, гэта я з вамі бясплатна размаўляю. Ён нешта талдычыў, пытаў, ці нехта яшчэ хоча з імі пагаварыць. Кажу, што тут ёсць пытаннечкі. І такая прыкладна размова была. І час ад часу ён мне піша па сённяшні дзень.
Календара перапіскі няма. Актывістка заўважае, што ён пісаў, калі яна ехала ў замежную паездку ці калі выходзілі палітвязні. Спробы пагутарыць на іншыя тэмы былі непаспяховымі — суразмоўца заўсёды вяртаўся да “скрыпта”.
— Яны хочуць са мной размаўляць — ок, я ім дам такую магчымасць, але пакіну за сабою права адказваць ці не адказваць. Пакуль я гэтым карыстаюся.
Я не лічу, што нешта зліваю. А з яго боку гэта было двойчы. Напрыклад, калі апошні раз вызвалялі людзей [19 сакавіка — Еўрарадыё], ён чамусьці вырашыў мне расказаць пра гэта, маўляў, чакайце.
Наста кажа, што супрацоўнік службаў раз на месяц таксама наведвае яе маці на працы, запытвае, як справы ў дачкі. Жанчыны ж маюць свой “пратакол бяспекі” і “сігналы”, па якіх будзе зразумела, што нешта здарылася.
Пакуль Наста не ведае, чым можа скончыцца гэтая сувязь, але дапускае, што злівам яе.
— Калі гэта здарылася, я адразу папярэдзіла свайго сябра і калегу, што я выходжу з імі [спецслужбамі РБ. — Еўрарадыё] на сувязь. Маўляў, я ў такой камунікацыі знаходжуся, не ведаю, да чаго яна прывядзе, але папярэдзіла адразу ж.
Валер Мацкевіч мае багаты вопыт адносін з беларускімі спецслужбамі яшчэ з часоў, калі ён быў актывістам “Маладога Фронту” ў Бабруйску. Цяпер жа ўвага да яго прыцягнута за дзейнасць у эміграцыі. Валер — сябра Каардынацыйнай рады і кіраўнік апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Мацкевіч заўважыў, што за час эміграцыі было некалькі хваль, калі яму прыходзілі паведамленні ад незнаёмцаў з прапановамі супрацы. Першая — падчас перадвыбарчай кампаніі ў КР папярэдняга склікання, то-бок у 2024 годзе. Тады ж на ўсіх кандыдатаў у Беларусі заводзілі крымінальныя справы, па беларускіх прапісках прайшлі вобшукі. Таксама актывізаваліся паведамленні, калі АПК прызналі ў Беларусі “тэрарыстычнай арганізацыяй”.
Палітык прыняў пазіцыю ні ў якім разе не адказваць незнаёмцам.
— Я напачатку рабіў проста скрыны гэтых паведамленняў “для гісторыі”, скажам так. Здаралася, што калі я блакіраваў і выдаляў акаўнты, у мяне на наступны дзень было некалькі дзясяткаў прапушчаных выклікаў у Тэлеграме ад кагосьці з вельмі дзіўнымі нікнэймамі (дзве літары, іншыя сімвалы). То-бок зразумела, што гэта не працоўныя кантакты, не наша асяроддзе.
Часам прапаноўваюць і размову голасам. Каб “верыфікаваць сябе”, прапаноўваюць пазваніць з хатняга тэлефона бацькоў, што стварае дадатковы ціск на актывіста. Праз трывалую палітычную дзейнасць блізкія Валера Мацкевіча таксама спазналі гэта.
— Некаторы час таму чарговы раз прыходзілі з крымінальнага вышуку, чарговы раз мяне нібы шукалі. Былі ператрусы і розныя спробы ціснуць псіхалагічна. Але мы ўсе дарослыя людзі. У дадзеным выпадку бацькі маюць права не ведаць, дзе я знаходжуся і чым займаюся.
Пасля працяглага ігнаравання палітык пачаў атрымліваць тэксты з пагрозамі распачаць супраць яго дыскрэдытацыйную кампанію: стварыць яму сумнеўную рэпутацыю, але не ўдакладняючы, на якой падставе. У той жа час у КР адбывалася пасяджэнне, якое трансліравалася публічна на YouTube, дзе Мацкевіч паведаміў пра пагрозы. Рэакцыя палітыку прыляцела адразу: “Мы давалі табе шанец, наракай на сябе”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут