Памёр вядомы беларускі дысідэнт Валерый Сядоў

14/03/2016 - 09:42

Памёр вядомы беларускі дысідэнт Валерый Сядоў. Здарылася гэта яшчэ 10 сакавіка. Яму было 64 гады. Прычынай смерці Сядова папярэдне называюць інфаркт, паведамляе "Наша ніва".

Валерый Сядоў нарадзіўся ў Грузіі, меў рускае паходжанне. Ён працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук БССР. У канцы 1980-х падтрымаў беларускі адраджэнскі рух, быў актывістам БНФ "Адраджэнне". Восенню 1990 года на Сядова распачалі крымінальную справу. Падчас шматтысячнага антыкамуністычнага мітынгу ў Мінску ён залез на помнік Леніну перад Домам ураду і павесіў на яго целагрэйку зэка ГУЛАГу з крыжом, абматаным калючым дротам. За кратамі Сядоў правёў 70 дзён, больш за 30 з якіх галадаў.

У 2011 годзе Валерый Сядоў адбываў 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку палітвязняў. З таго года жыў у Варшаве, вучыўся па праграме Каліноўскага ў дактарантуры ўніверсітэта Вышынскага. 5 сакавіка ў яго быў дзень народзінаў, праз 5 дзён яго не стала. Цяпер вырашаецца пытанне дастаўкі цела Сядова з Польшчы ў Беларусь.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі