Дарога, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць траіх мужчын, якіх вінавацяць у крадзяжы грошай у асабліва буйным памеры.
Інцыдэнт адбыўся 28 снежня 2025 года. Паводле следства, абвінавачаныя, папярэдне дамовіўшыся, скралі з мікрааўтобуса, які ехаў з Барысава ў Маскву, больш за 100 тысяч еўра і 11 тысяч долараў. Гэта было больш за 380 тысяч рублёў паводле афіцыйнага курсу на дзень злачынства.
Мужчыны загадзя размеркавалі ролі і дамовіліся абменьвацца інфармацыяй пра маршрут мікрааўтобуса і яго прыпынкі. Адзін з удзельнікаў суправаджаў жанчыну-кур'ера і ведаў пра перавозку вялікай сумы. Ён перадаваў саўдзельнікам інфармацыю пра маршрут. Другі арганізоўваў уцёкі на аўтамабілі, а трэцяму выпала забрацца ў салон і скрасці пакунак з грашыма.
Зламыснікі спрабавалі скрасці пакунак некалькі разоў. Першая спроба адбылася на АЗС у Барысаўскім раёне, але аказалася няўдалай. Другая адбылася ўўжо ў Краснінскім раёне Смаленскай вобласці. Калі на аўтазапраўцы кур'ер і яе суправаджальнік зайшлі ў кавярню, адзін з саўдзельнікаў выкраў пакет з валютай. Пасля гэтага зламыснікі ўцяклі на аўтамабілі.
Вярнуўшыся ў Беларусь, мужчыны сустрэліся ў лесе каля вёскі Перасады Барысаўскага раёна і падзялілі скрадзеныя грошы. Адзін з абвінавачаных заявіў, што частка сродкаў нібыта прызначалася для подкупу, каб выдаліць запісы з камераш відэаназірання.
Двое мужчын прызналі віну і расказалі пра абставіны падрыхтоўкі і здзяйснення злачынства. Трэці фігурант адмаўляе сваю датычнасць да злачынства і адмаўляецца ад дачы паказанняў.
22-гадоваму жыхару Барысава і 49-гадоваму жыхару Асіповіцкага раёна выставілі абвінавачванне ў крадзяжы, здзейсненым групай асоб у асабліва буйным памеры. Дзеянні 37-гадовага жыхара Барысава, якіт мае непагашаную судзімасць, кваліфікуюцца як паўторныя па тым жа артыкуле.
Усе трое застаюцца пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут