“Нейра Дзюбель” збірае сродкі на запіс свайго новага альбома “Першы”

18/10/2016 - 16:45

Гурт “Нейра Дзюбель” збірае сродкі на запіс свайго новага альбома “Першы”. Пра гэта абвешчана на пляцоўцы talaka.by.

“Мы заўсёды шукалі сяброў, і цяпер просім у іх дапамогі. Хочам стварыць гэты прадукт разам. І дух калектывізму — гэта наш несур’ёзны дэвіз, — адзначаецца ў апісанні праекта. — Часы змяняюцца. У новым часе мы бачым новы альбом гурта. Створаны агульнымі сіламі. Самы лепшы. Першы”.

Гурт плануе пачаць запіс альбома зімой будучага года. Ужо гатовыя болей за дзясятак песень, а ўсяго іх плануюць зрабіць 14-15. Паводле стылю гэта будзе панк-рок “з элементамі ўсяго-ўсяго”. Музыкі абяцаюць, што альбом будзе “цяжкім, хуткім, але не без лірычных нотак”.

Галоўная песня альбома будзе беларускамоўнай і атрымае назву “Першы”.

На запіс альбома “Нейра Дзюбель” збірае 10 тысяч рублёў. Калі сума атрымаецца большай, то ў дадатак да запісу, выдання альбома і стварэння элементарнай атрыбутыкі, гурт паспрабуе стварыць відэаролікі да песень.

Самыя шчодрыя ахвяравальнікі, якія перавядуць на праект па 50 рублёў, атрымаюць па 2 дыскі “Нейра Дзюбель” з аўтографамі музыкаў і налепку на аўто.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі