Муж "Маленькай Эмі". Чаго спалохаўся суддзя, які збег з Польшчы ў Беларусь

06/05/2024 - 13:39

Томаш Шмыт / belta.by

Польскі суддзя Томаш Шмыт папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Каб адказаць на пытанне пра прычыны гэтага ўчынку, нам спачатку давядзецца расказаць вам пра тое, хто такая Эмілія Шмыт — былая жонка Томаша.

Некалькі гадоў таму яе імя не знікала са старонак польскіх газет. Пра самога Томаша амаль не пісалі — пакуль сёння ён не пачаў шукаць абароны ў Беларусі.

 

Вялікая "Маленькая Эмі"

У 2019 годзе польскія медыя абвінавачвалі жонку Шмыта Эмілію ў распальванні нянавісці да юрыстаў. Эмілія аднекуль здабывала кампрамат і публікавала яго ў Твітары — ананімна, пад імем "Маленькая Эмі". Мішэнню яе пастоў былі суддзі, якія не падтрымлівалі змены ў польскай судовай сістэме.

Інфармацыі Эмілія не правярала, таму часам публікавала адкрыта хлуслівыя злівы.

Пазней высветлілася, што цкаванне курыраваў экс-намеснік міністра юстыцыі Польшчы Лукаш Пебяк. Эмілія паказала журналістам скрыншоты перапіскі, у якіх ён ухваляў яе дзеянні. На фоне скандалу Пебяк тады пайшоў у адстаўку.

Сам жа суддзя Томаш Шмыт стаў вядомы ў асноўным як "муж Маленькай Эмі". Пазней ён расказваў, што бачыў, чым займаецца Эмілія, але не кантраляваў яе. Ніхто не даказаў, што Томаш быў замяшаны ў дыфамацыі калегаў, ніхто не звольніў яго з пасады суддзі і не адабраў імунітэт. Усе гэтыя гады ён працаваў у ваяводскім адміністрацыйным судзе.

 

Усё дзеля мужа

У 2019 годзе Эмілія Шмыт расказала, як нарадзілася "Маленькая Эмі". Яе муж прасоўваўся па службе, і ў нейкі момант саму Эмілію запрасілі на сустрэчу з супрацоўнікам міністэрства, які тады лічыўся правай рукой Лукаша Пебяка (тады — намеснік міністра юстыцыі).

— Мы гаварылі пра тое, як выкарыстоўваць мой акаўнт у Твітары для падтрымкі міністэрства. Я хацела дапамагчы свайму мужу атрымаць павышэнне па службе і нарэшце здабыць сяброў, — расказвала Эмілія.

Эмілія Шмыт / fakty.tvn24.pl

"Маленькая Эмі" хацела распраўляцца з "кепскімі" і крывадушнымі людзьмі з судовай сістэмы і дапамагаць "добрым". У яе быў доступ туды, куды не было доступу ў звычайных людзей. Пад псеўданімам жанчына магла рабіць тое, што не дазвалялася Эміліі Шмыт.

Яна была ўпэўненая, што не робіць нічога дрэннага. Тым больш начальства яе мужа з Мінюста ведала, што "Маленькая Эмі" з Твітара — гэта жонка Томаша Шмыта, і падбадзёрвала яе.

— Спачатку я вельмі добра сябе адчувала ў ролі "Маленькай Эмі". Мяне шанавалі, хвалілі, казалі, што я зрабіла больш, чым многія піяршчыкі ў Мінюсце. Мяне хвалілі намеснік міністра Пебяк і мой муж. Гэта стала стымулам працягваць, — кажа Эмілія.

Яна зліла ў Твітар інфармацыю пра тое, як адзін з суддзяў угаварыў сваю дзяўчыну перапыніць цяжарнасць, а другі п'яным сеў за руль. Пра тое, каб правяраць інфармацыю, жанчына не клапацілася. Многія са зліваў "Маленькая Эмі" атрымлівала ад іншых суддзяў — і ніхто не адгаворваў яе публікаваць іх.

— Я ганарылася кожным дзеяннем і кожным запісам. Я верыла ў тое, што раблю. Я адчувала, што раблю добрую справу і раблю яе для добрых людзей. Я наіўна глядзела на начальства, была няўпэўненая ў сабе і мела патрэбу ва ўвазе, асабліва з боку мужа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі