Вядомы мінскі хірург звальняецца ў знак салідарнасці з калегам з Віцебска

09/03/2021 - 07:49
Дзмітрый Харкоў / @belhalat_by​

У знак салідарнасці з віцебскім лекарам Уладзімірам Мартавым пра сваё рашэнне звольніцца заявіў лекар-хірург, кандыдат медыцынскі навук Дзмітрый Харкоў, паведамляе тэлеграм-канал "Белыя халаты". У цяперашні час Харкоў узначальвае аддзел перспектыўных напрамкаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Яго абурыла рашэнне кіраўніцтва віцебскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі не працягваць кантракт з лекарам Уладзімірам Мартавым. У першую хвалю каранавіруса вясной 2020 года Мартаў публічна і сумленна расказваў пра сітуацыю ў бальніцы — пра тое, што дзяржава па сутнасці кінула медыкаў сам-насам з нявывучанай хваробай, а з СІА дапамагаюць пераважна валанцёры. У канцы лютага ён атрымаў апавяшчэнне, што кантракт з ім працягнуты не будзе.

У Віцебску быў абвешчаны збор подпісаў у абарону лекара. Адкрыты ліст да кіраўніцтва бальніцы напісаў і Дзмітрый Харкоў. Перш за ўсё ён пацікавіўся, чым усё-такі было прадыктаванае гэтае рашэнне.

"Як вядома ўсёй медыцынскай грамадскасці нашай краіны, Уладзімір Юр'евіч Мартаў з'яўляецца высакакласным спецыялістам і прафесіяналам, які выратаваў не адну тысячу жыццяў пацыентаў", — нагадаў Харкоў. Ён таксама адзначыў, што Мартаў быў адным з першых, хто арганізоўваў працу і дапамагаў пацыентам падчас пачатку эпідэміі COVID-19 на высокім прафесійным узроўні.

"Ці разумееце вы, што сваім рашэннем не працягваць кантракт Уладзіміру Мартаву пачынаеце чарговую "справу лекараў", скіраваную супраць іншадумства, прафесіяналізму і аказання якаснай медыцынскай дапамогі ў РБ?" — піша мінскі хірург.

У сувязі з гэтым і кіруючыся прынцыпамі гуманізму і этыкі, адзначае лекар, ён прыняў рашэнне аб звальненні па заканчэнні свайго працоўнага кантракта.

Адкрыты ліст Дзмітрыя Харкова да кіраўніцтва віцебскай БХМД

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі