Міністр МУС Шуневіч не выключае дэкрыміналізацыі “наркатычнага” 328 артыкула

01/03/2018 - 08:39

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч не выключае дэкрыміналізацыі злачынстваў па самых лёгкіх частках “наркатычнага” 328 артыкула Крымінальнага кодэкса. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.

Ігар Шуневіч: “Трэба разглядаць комплексна: з аднаго боку, наркапагроза, а з іншага ― пагроза для нашай краіны. Мы ж разумеем, што ўсё гэта нашы людзі. І проста аднабока падыходзіць да разгляду гэтай праблемы мы не маем права. Бо ёсць розныя меркаванні, і мы павінны гэтыя меркаванні ўлічваць у сваёй працы. Таму, заканадаўца, хутчэй за ўсё, нейкія карэктывы ў адпаведны артыкул унясе”.

Па словах Ігара Шуневіча, калі дэкрыміналізацыя наркатычнага артыкула адбудзецца, то ў дачыненні да “тых, хто патрапіў пад санкцыі папярэдняга закона, будзе прыменены больш мяккі закон і, магчыма, гэта закране і тэрміны знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, і іншыя віды пакарання”.

Калі гэтая дэкрыміналізацыя магчымая, міністр асабліва падкрэсліў, што МУС “выконвае закон, а не піша яго”.

Сёння артыкул 328 Крымінальнага кодэкса “Незаконны абарот наркатычных рэчываў” прадугледжвае ад 2 да 25 гадоў у залежнасці ад цяжкасці здзейсненага злачынства. Пра тое, што цяпер у Беларусі абмяркоўваецца магчымасць дэкрыміналізацыі злачынстваў па самых лёгкіх частках артыкула 328, журналістам распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Андрэй Саладоўнікаў. Хоць і заўважыў, што “што заканадаўства ў дачыненні да наркотыкаў дасканалае на сённяшні дзень”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі