Мінгарвыканкам: Разгляд шыльды ў гонар БНР павінен адбыцца на наступным тыдні

28/03/2018 - 15:32

Шыльду ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску не павесяць і на гэтым тыдні, бо ўсё яшчэ няма адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама. Як паведаміў старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, вуснае рашэнне ёсць, але паперы пакуль не падпісаныя. Ва Упраўленні культуры Мінгарвыканкама Еўрарадыё патлумачылі, што шыльда можа быць усталяваная на падставе рашэння сталічных уладаў па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.

“Мы адправілі запыт у Міністэрства культуры, праз два тыдні атрымалі адказ і падрыхтавалі праект рашэння Мінгарвыканкама, які ў цяперашні час узгадняецца ва ўстаноўленым парадку, — распавялі ва ўпраўленні культуры. — Фактычна на наступным тыдні яно павінна выйсці. Мы зрабілі сваю справу як мага хутчэй, але пакуль не паглядзелі гэтую шыльду на пасяджэнні Мінскага гарадскога экспертнага савета, ніхто не можа яе вешаць. Атрымоўваецца, што наступныя крокі — гэта паралельна прыняцце рашэння Мінгарвыканкама, якое ўжо вось-вось выйдзе, і дэманстрацыя дошкі па этапах яе стварэння ад эскізнага праекта да вырабу на пасяджэнні мастацка-экспертнага савета. Яно павінна адбыцца напачатку наступнага тыдня”.

Шыльду ў гонар БНР хацелі ўсталяваць на доме №9 па вуліцы Валадарскага, дзе раніцай 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, яшчэ 23 сакавіка. За рэкордна кароткі час праз краўдфандынг былі сабраныя грошы на яе выраб. Скульптар Ігар Засімовіч вельмі аператыўна зрабіў палепшаную копію старой шыльды.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі